Аб'ектыў 14.11.2018 Беларускія ўлады вырашылі выслаць у Расею «небяспечную» грамадзянскую актывістку


Міграцыйная служба Беларусі рыхтуе да высылкі грамадзянку Расеі Ганну Красуліну. Яна, цытата, «уяўляе небяспеку грамадскаму парадку». Сярод фармальных прычынаў высылкі – безбілетны праезд у транспарце з аплачаным на месцы штрафам. Адметна, што Ганна Красуліна – прэс-сакратарка апазіцыйнай палітычнай партыі.

Ганна Красуліна – грамадзянка Расеі, жыве ў Менску ўжо 16 гадоў, ейны муж і дзеці – беларусы паводле грамадзянства, бацькі таксама даўно перабраліся ў Беларусь. А цяпер улады Беларусі высылаюць яе ў Расею на падставе дакументу для службовага карыстання. Рашэнне аб высылцы Ганне зачыталі ва ўпраўленні ўнутраных справаў Маскоўскага раёну Менску.

«Рэжым сур‘ёзна «прасеў», рэсурсаў не засталося ніякіх, апроч страху, запалохвання, тэрору», – каментуе Ганна Красуліна, Аб‘яднаная грамадзянская партыя.

Ганна – прэс-сакратар Аб‘яднанай грамадзянскай партыі ды актыўная ўдзельніца палітычнага жыцця, у тым ліку падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Фармальна яе высылаюць з прычыны трох адміністратыўных парушэнняў. Два гады таму на Ганну склалі пратакол за ўдзел у дазволеным пікеце па зборы подпісаў, летась – за сустрэчу з ізалятару на Акрэсціна затрыманых апазіцыйных актывістаў. І сёлетняе парушэнне – аплачаны штраф за безбілетны праезд у грамадскім транспарце.

«Ганна Красуліна – прэсавая сакратарка АГП, і яе прысутнасць на масавых мерапрыемствах абумоўленая выкананнем яе прафесійных абавязкаў», – кажа Алена Танкачова, праваабаронца, раней дэпартаваная з Беларусі.

Праваабаронца Алена Танкачова – таксама грамадзянка Расеі і таксама перажыла трохгадовую высылку. Пасля 30-ці гадоў жыцця ў Беларусі яна мела тут сапраўдную Радзіму, таму працэс высылкі быў для яе вельмі траўматычны. Улады аформілі высылку як пакаранне за некалькі парушэнняў хуткаснага рэжыму, зафіксаваныя дарожным радарам. Хоць сапраўдныя прычыны ў абодвух выпадках – зусім не «адміністратыўка».

«Гэта публічны статус і ясная крытычная ацэнка адносна грамадска-палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі», – распавядае раней дэпартаваная з Беларусі праваабаронца Алена Танкачова.

Паплечнікі Ганны Красулінай больш чым абураныя. Мікалай Казлоў, в. а. старшыні Аб‘яднанай грамадзянскай партыі:

«Я магу сказаць пра сваю рэакцыю: гэта раз‘юшанасць. Разумею, наколькі гэта беззаконна, бесчалавечна!»

У Аб‘яднанай грамадзянскай партыі будучую высылку Ганны Красулінай лічаць чарговым парушэннем правоў чалавека ўладамі Беларусі. Мікалай Казлоў, в. а. старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

«Мы будзем звяртацца і ў суды, і да дыпкорпусу, і да еўрапейскіх партыяў, якія нам блізкія, ва ўсе структуры. Калі яны (улады) думаюць, што з высылкай Ганны ў іх скончацца праблемы, то я хачу сказаць: праблемы толькі пачынаюцца».

Ганне Красулінай прадпісана выехаць у Расею да канца месяца на 1 год. Яна плануе абскарджваць рашэнне міграцыйнай службы ў судзе.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары