Горш, чымся з быдлам: на Глыбоччыне каровы дохнуць пад адкрытым небам праз безгаспадарлівасць


Быдла – гэта ж не чалавек, а таму з ім можна і не па-людску. Відаць, гэткаю логікаю кіравалася кіраўніцтва фермы Разанава, што каля вёскі Завараты на Глыбоччыне. Цяляты тут стаяць амаль што пад адкрытым небам. Прынамсі неба можна добра разгледзець праз дзіры ў даху.

ДЗМІТРЫ ЛУПАЧ, ЖЫХАР ВЁСКІ:

«Там стаялі цяляты ў мінулым годзе ўлетку. А сёлета вырашылі іх пакінуць і на зіму. Ну і, вядома ж, вецер пазрываў гэты руберойд. І гэтая страха зараз свеціцца як рэшата. І вось у гэткіх умовах яны тут і стаяць».

Зрэшты, сімвалам безгаспадарлівасці ферма сталася куды раней. Яшчэ дванаццаць гадоў таму кароў адсюль забралі, бо ў навакольных вёсках не засталося даярак. Праз нейкі час будынкі хацелі нават разабраць.

ДЗМІТРЫ ЛУПАЧ:

«Недзе ў 2010-2011-м годзе мясцовай гаспадарцы спатрэбіўся лес на страпілы, а тады не было магчымасці ў яе тыя страпілы купіць. І было прынятае рашэнне зняць страху разам з шыферам і ўсёй страпільнай сістэмай».

Трымаць быдла ў спартанскіх умовах, зрэшты, можна. Прынамсі гэткі эксперымент ладзілі яшчэ ў савецкі час. Аднак нават самыя спартанскія ўмовы – гэта ўсё-такі ўмовы, а не іх адсутнасць.

ЮЛІЯ БУКА, ВЕТЭРЫНАРКА:

«Пры гэткім утрыманні абавязкова трэба, каб была вельмі цёплая посцілка. Бо цяляты вельмі баяцца скразнякоў і вільгаці. Як толькі іх поўсць будзе мокрая, то адразу цела пераахалоджваецца. На абагрэў цела спатрэбіцца больш кілакалорыяў. Гэта азначае, што не адкладзецца новая клетка ў цягліцы або тлушч».

Акрамя дадатковых канцэнтраваных кармоў ці мукі замест сена, таксама патрэбныя вітаміны. Патрэбная і вада, якую цяпер на ферму прывозіць трактар і якая папросту замерзне, як толькі тэмпература знізіцца яшчэ крыху. А таму замест росту жывой вагі разанаўскім цялятам застаецца адно марнець і гібець.

ЮЛІЯ БУКА:

«Самыя частыя захворванні тут будуць – гэта пераахалоджванне, хутчэй за ўсё, моча-полавай сістэмы захворванні ну і лёгачныя абавязкова».

Зрэшты, нялюдскае жыццё ў Разанаве мае не толькі быдла. Два браты, якія даглядаюць цялятак за крыху больш як сто рублёў на месяц, размаўляць з журналістамі адмаўляюцца – праз страх страціць нават гэтую працу. Іншай у ваколіцах папросту няма. А ехаць уладкоўвацца ў горад – трэба прасіць дазвол у кіраўніка раёну. Дый ехаць штодня 25 кіламетраў таксама няма чым.

Валер Руселік, «Белсат», фота: sachaja.livejournal.com