Горадня: раварысты змагаюцца за свае правы


У Горадні распачалі роварны сезон. Некалькі соцень раварыстаў прынялі ўдзел у мясцовым «Ровар-фэсце». З аднаго боку, колькасць раварыстаў у Беларусі павялічваецца, але з другога – праблемаў у іх таксама не менее.

У Горадні рух раварыстаў актывізаваўся больш за 10 гадоў таму. Спачатку ладзіліся акцыі «Крытычная маса», затым – «Бардзюрная пятніца». З цягам часу з’явіліся і фестывалі. Галоўная мэта гэтых імпрэзаў – прыцягнуць увагу да праблемаў раварыстаў.

« У нас і высокія бардзюры, і няроўны асфальт. Гэта пытанне, якое ўздымалася не раз. У мінулым ці пазамінулым годзе нават мэр гораду праехаўся на ровары па горадзе і зразумеў, што сапраўды ёсць над чым працаваць», – распавядае дырэктар міжнароднага роварнага фестывалю «Суседзі 2018» Іван Найдзёнаў.

«Хацелася б вызначыць узаеміны паміж раварыстам, мінаком і аўтамабілістам. Бо няма поўнасцю развітай інфраструктуры. Паміж усімі часта ўзнікаюць канфлікты – хто дзе едзе», – кажа раварыст Аркадзь.

Горадня займае 4-ае месца з 6-ці абласных гарадоў паводле камфорту для раварыстаў, адзначае Юлія Каляда, прадстаўніца грамадскага аб’яднання «ВелаГорадня».

«Галоўнае, што мы зараз хочам зрабіць, – каб пры будаўніцтве новых дарог, пры рэканструкцыі старых, пры будаўніцтве новых мікрараёнаў улічваліся не проста інтарэсы раварыстаў, а ўлічваўся ровар як сродак транспарту. Каб у мікрараёнах адразу былі веласцежкі», – кажа Юлія Каляда з грамадскага абʼяднання «ВелаГорадня».

Добрым знакам ёсць тое, што гарадскія ўлады нарэшце распачалі дыялог з жыхарамі наконт паляпшэння ўмоваў для роварнага руху. Нават стварылі раду ў пытаннях яго развіцця. Але ці прынясе гэта плён?

Міхась Ільін, «Белсат»