Горадня, Кракаў, Шчэцін: Беларусы пратэстуюць супраць інтэграцыі


Гарадзенцы выйшлі на маніфестацыю ў абарону незалежнасці Беларусі, каб не апынуцца ў вязніцы народаў. Тым часам, міліцыя распачынае пераслед удзельнікаў падобных акцыяў у Менску.

«Тут не Расея, тут – Беларусь». Каля сотні чалавек выйшлі на акцыю дзеля абароны незалежнасці ў Горадні.

Каля сотні чалавек выйшлі на акцыю дзеля абароны незалежнасці ў Горадні.

Удзельнікі акцыі кажуць:

«Не дома ж сядзець, калі такія падзеі адбываюцца ў краіне».

«Трэба выходзіць, бо трэба нешта рабіць».

«Незалежнасць – гэта вельмі важна, гэта ўсё, што ў нас ёсць».

«Здзіўляе, чаму няма нашых начальнікаў, чыноўнікаў. Ад гэтага іхная залежыць будучыня. Як прыйдуць расейцы, яны не захаваюць сваіх месцаў».

Стаўшы ў жывы ланцуг на Старым мосце праз Нёман, удзельнікі рушылі ўніз да самой ракі. Дзе зачыталі рэзалюцыю, якую сімвалічна адправілі ў сплаў па Нёмне – да Санкт-Пецярбургу, дзе 20 снежня маюць сустрэцца Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.

«Гэтую рэзалюцыю водным шляхам па Нёмне праз Балтыйскае мора мы сёння накіроўваем кіраўнікам абедзвюх дзяржаваў для таго, каб данесці нашае меркаванне», – зазначае намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

«20 снежня, па ўсёй відавочнасці, будзе падпісаная дамова пра інтэграцыю. Мы ж, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, не хочам згубіць сваю незалежнасць», – кажа арганізатар гарадзенскай акцыі Мікалай Салянік.

Вадзім Саранчукоў. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Тэкст рэзалюцыі таксама вышлюць у амбасаду Расеі ў Менску. Акцыі дзеля падтрымання незалежнасці нашае краіны і супраць палітычнае інтэграцыі з Расеяй прайшлі сёння і ў Польшчы. У Кракаве пад генконсульствам Расеі пратэставалі дзясяткі студэнтаў.

«Мы хочам сказаць, што Расея – гэта сапраўды турма для народаў. Мы не хочам у ёй быць, мы не хочам быць у «русскім міры», мы супраць гэтага. Ганьба Расейскай Федэрацыі!», – кажа арганізатар пратэсту, украінскі студэнт Антон Чарапенка.

Удзельнікі пікету таксама звярнуліся да Сейму Польшчы з просьбаю падтрымаць беларусаў у іхнай барацьбе за незалежнасць. З дзясятак чалавек пратэставала сёння і пад консульствам Расеі ў Шчэціне. На абодвух пікетах удзельнікі трымалі плакаты ў падтрыманне Пятра Маркелава, які адбывае 14-содневы арышт за патрабаванне пералічыць галасы на выбарчым участку.

Супрацоўнікі спецслужбаў на акцыі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Тым часам, міліцыя распачынае пераслед удзельнікаў падобных акцыяў у Менску 7 і 8 снежня. Тады шмат хто з назіральнікаў звяртаў увагу на надзвычай ліберальнае стаўленне сталічных сілавікоў на пратэстах падчас перамоваў Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы.

«Пачаліся рэпрэсіі супраць актыўных удзельнікаў, каб людзі не забываліся, у якой краіне яны жывуць, каб людзі не падумалі, што тут вольніца пачалася, што можна хадзіць па вуліцах», – каментуе дзеянні ўладаў палітолаг Валер Карбалевіч.

Жыхару Віцебску Аляксею Прохараву прыслалі позву за анонс акцыі ў сацыяльных сетках. Вольгу Быкоўскую запрасілі на размову ў РАУС, затэлефанаваўшы з нявызначанага нумару.

«Беларускія ўлады не толькі не могуць забяспечыць сваім грамадзянам адчуванне абароны гэтага суверэнітэту, але яшчэ выкарыстоўваюць карны апарат, каб пакараць тых, для каго беларуская незалежнасць – гэта безумоўная каштоўнасць», – гаворыць Вольга Быкоўская, сябра рады руху «За свабоду!»

Праваабаронцы раяць звяртацца да іх усім тым, каго з нагоды акцыі дзеля падтрымання незалежнасці Беларусі выклікае міліцыя.

«Размаўляць індывідуальна, і праваабаронцы дадуць добрыя парады ў залежнасці ад таго, што навісла над чалавекам», – падкрэслівае Віктар Сазонаў з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Найбліжэйшая сталічная акцыя за незалежнасць Беларусі запланаваная на пятніцу 20 снежня на Кастрычніцкай плошчы а 18:00.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»