Горадня без музею Быкава


Народны пісьменнік Васіль Быкаў сышоў з жыцця паўтара дзесяцігоддзя таму, але ў няміласці ва ўладаў застаецца і сёння. Ні ў рэспубліканскіх уладаў, ні ў мясцовага выканкаму ў Горадні, дзе пісьменнік пражыў больш як чвэрць стагоддзя, не знайшлося сродкаў на ўтрыманне музею Быкава на вуліцы Савецкай. Улады далі маўклівую згоду на яго закрыццё – без фінансавага падтрымання музей не выжыве.

«Учора гэтае пытанне было вырашана канчаткова. 900 асобнікаў са збору гэтага музею забраў гісторыка-археалагічны музей пад сваю пастаянную ахову і ўтрыманне з мэтаю ў музеі Адама Міцкевіча стварыць экспазіцыю ці нават аддзел. А сёння другую частку, тое, што засталося, падзялілі паміж сабой два школьныя музеі», – кажа Алесь Госцеў, краязнаўца, сябра рады музею Васіля Быкава.

Бескампрамісны і шчыры Васіль Быкаў зрабіў неацэнны ўнёсак не толькі ў беларускую ды сусветную літаратуру, але і ў нацыянальнае адраджэнне. Адзін з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту, ён не стрымліваўся ў выказваннях на адрас цяперашняга кіраўніка Беларусі.

«Тое, што робіць Лукашэнка і ягоны рэжым, скіраванае на поўную ліквідацыю суверэннасці Беларусі. Апроч таго, пад такою маркаю ён ліквідуе нацыянальную культуру, нацыянальную літаратуру, нацыянальную мову».

Улады Беларусі паслядоўна выступаюць супраць ушанавання памяці народнага пісьменніка. Такая палітыка прыносіць пэўны плён. У Горадні, дзе пісьменнік пражыў шмат гадоў, імя Васіля Быкава ведаюць не ўсе.

Складаныя стасункі з уладамі ў Васіля Быкава былі заўсёды. Для савецкіх партыйных ідэолагаў ён быў нязручным франтавіком, які раскрываў акопную праўду пра Другую сусветную вайну. Для рэжыму Лукашэнкі пісьменнік таксама стаў нязручным. Улады фактычна выжылі Васіля Быкава з краіны ў 1998 годзе.

Данута Бічэль-Загнетава, паэтка:

«Гэта вельмі дзіўнае стварэнне, гэтая дзяржава. Адкуль гэтыя людзі, якія кіруюць дзяржавай? Хто яны такія? Чаму яны самі пілуюць сук, на якім сядзяць? Гэта трэба ў іх спытаць. Чалавек нараджаецца, і яго не пераробіш. У іх у душы, у сэрцы няма Беларусі, а яны кіруюць Беларуссю».

Віцебскія актывісты прапанавалі перайменаваць абласную бібліятэку імя Леніна ў гонар народнага пісьменніка і звярнуліся з гэтым пытаннем у аблвыканкам. Таццяна Севярынец, ініцыятарка збору подпісаў:

«У свой час Ленінград перайменавалі ў Санкт-Пецярбург, вярнулі яму гістарычную назву, Ульянаўск перайменавалі ў Екацярынбург. Чаму нам адну ўстанову не перайменаваць у бібліятэку імя Васіля Быкава?»

Цяпер актывісты збіраюць подпісы пад петыцыяй. Кнігі Быкава выдаюць незалежныя выдавецтвы, фільмы здымаюць недзяржаўныя кінастудыі, калі пад ціскам грамадскай супольнасці абласная бібліятэка ў выніку зменіць назву – гэта будзе яшчэ адзін унёсак у справу ўшанавання памяці пісьменніка, якога не памятае дзяржава.

Дзяніс Шпігаў, Ірына Дарафейчук, belsat.eu