Гонар і годнасць Балабы і Бекіша


Байцы АМАПу абараняюць свой гонар і годнасць – у судах. Сёння ў Менску распачаліся адразу два працэсы, дзе ўдзельнікі і камандзіры жорсткага разгону мірных дэманстрацыяў скардзіліся на маральныя страты з-за надпісаў на сценах і публікацыяў у незалежных медыях. Людзі ў пагонах – Балаба і Бекіш – патрабуюць грошай.

На відэа студэнты, якіх затрымалі 28-га верасня. На руках хлапцоў – кайданкі. Адзін з хлапцоў прызнае, што пісаў абразлівыя надпісы на доме, дзе жыве камандзір АМАПу Зміцер Балаба, просіць прабачэння і раскайваецца. У Фрунзенскім РУУСе хлапцоў змусілі прызнацца ў супрацьдзеянні міліцыі падчас затрымання і арыштавалі на 15 содняў. 4 дні маладзёны правялі ў карцары.

«Яны проста націснулі на нас і сказалі, што вы аказвалі супраціў, уцякалі, упіраліся нагамі, крычалі. Пагражалі, што распачнуць крымінальную справу. Яна і так была распачатая», – кажа адзін з хлапцоў Уладзіслаў.

Сёння Фрунзенскі раённы суд пачаў разглядаць крымінальную справу супраць 19-гадовага Іллі за паклёп і абразу камандзіра менскага АМАПу. Пракурор запрасіў для студэнта 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі. Балаба ацаніў маральныя страты на 1000 рублёў. Гэтыя грошы падсудны мусіць пералічыць яшчэ сёння. Вырак агучаць заўтра.

«Шчыра кажучы, я не разумею, што зараз адбываецца і як гэтую сітуацыю разумець», – здзіўляецца падсудны Ілля.

А гэта другі супрацоўнік АМАПу, Андрэй Бекіш. Ён лічыць, што газета «Наша Ніва» распаўсюдзіла звесткі, якія ганьбяць ягоны гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. У ліпені з’явілася відэа, дзе відаць, як ён жорстка затрымлівае дэманстрантаў. Бекіш кажа, што гэта няпраўда, і патрабуе 3000 рублёў за «маральныя перажыванні».

«Я думаю, што гэта крыжовы паход кіраўніцтва міліцыі супраць незалежных СМІ, супраць ачагоў неспакою, супраць грамадзян, якія не стрымліваюцца і штосьці пішуць», – кажа галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», з пачатку выбарчай кампаніі супраць удзельнікаў мірных пратэстаў распачалі каля 1000 крымінальных справаў. 143 чалавекі прызнаныя палітзняволенымі. Пацярпелыя ад збіцця і катаванняў з боку сілавікоў, у тым ліку амапаўцаў, скіравалі ў Следчы камітэт і пракуратуру больш за 2000 скаргаў. Аднак ніводная крымінальная справа аб катаваннях ня ўзбуджаная.

Ігар Станкевіч, «Белсат»