Аб'ектыў 22.12.2017 Гомельшчына: ураджай не сабралі, ён ляжыць пад снегам


Даслоўна месяц таму на Гомельшчыне аўральна збіралі лён. За тую кампанію некалькі чыноўнікаў нават паплаціліся сваймі пасадамі. Цяпер даносяцца звесткі, што ў Светлагорскім раёне на палях засталася кукуруза. Пры гэтым на палетках ляжыць далёка не першы снег.

Сельскагаспадарчае прадпрыемства «Баравік» мае ў валоданні больш за тры тысячы гектараў, з іх 15 – кінутай або кепска сабранай кукурузы. Мясцовыя жыхары абураныя такім бязладдзем мясцовага кіраўніцтва і зазначаюць, што такая сітуацыя слалася і ў ваколіцах. Акрамя кукурузы, нікому не патрэбнымі апынуліся 10 гектараў сена, якое безгаспадарна ляжыць на палях у вадзе.

«Я адпрацаваў усё жыццё ў гэтым саўгасе, такога не было яшчэ, вось гэта вам шчыра кажу«, – каментуе сітуацыю мясцовы жыхар.

Чаму дасюль не прыбралі?

Мы звярнуліся да кіраўніка прадпрыемства «Баравік». Ад разгорнутага каментара ён адмовіўся і даў толькі сціплы адказ.

«Не, не ведаю, у нас усе прыбрана, запісвайцеся ў прыёмную я вам дам інтэрв’ю», – зазначыў Уладзімір Запатылак.

Тутэйшыя паскардзіліся на нястачу ў інфраструктуры гаспадаркі

Бракуе людзей, тэхнікі і нават паліва. Гэта, на іхную думку, і спрычынілася да страты ўраджаю. Таму дакладна не вядома, ці гэта неэфектыўнае кіраванне асобнага дырэктара, ці сістэмная хвароба.

«Прычына галоўная ў тым, што на зямлі няма гаспадара, гэта першае, і можа б тую кукурузу не сеялі ў гэтым Светлагорскім раёне, можа б там нешта іншае было і можа б не ў такіх абʼемах, калі б быў гаспадар. А яго няма! Другая прычына – гэты гаспадар таксама амбіцыйны, (Аляксандр Лукашэнка – рэд.) і ён сёння так можа і зацікаўлены ў такой сітуацыі, яму будуць патрэбныя казлы адпушчэння», – мяркуе грамадскі актывіст Уладзімір Кацора.

Пакуль людзі не будуць адчуваць сябе гаспадарамі на ўласнае зямлі, а кіраўніцтва будзе азірацца на загады зверху, такія выпадкі не будуць выключэннем. І не толькі ў Светлагорскім раёне.

Міхась Слаўнікаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары