Гомель: юрыдычная вайна дзяржаўных і незалежных журналістаў


Інтэрнэт-правакатар, троль, канапны адмысловец, маніпулятар грамадскай думкай. Гэткімі эпітэтамі гомельскага журналіста Сяргея Ляпіна адарыў калега ў прафесіі з дзяржаўнага парталу «Гомельская праўда» ў сваім артыкуле.

«Мы паразмаўляем пра сапраўдных «акулаў пяра» – шчодрых на аргументы, юрыдычна падкаваных. Яны арудуюць у інтэрнэце, спрытна маніпулюючы грамадскаю думкаю, троляць, як любіць казаць моладзь, практычна кожны праект, які рэалізуе дзяржава», – пераймаўся Раман Старавойтаў з «Гомельскай праўды».

Сяргей Ляпін даражыць аўтарытэтам урбаніста і журналіста

А таму падаў у суд на «Гомельскую праўду», каб праўда на гэтым партале была не толькі ў назве, але і ў змесце. Пазоў аб абароне гонару Гомельскі суд разглядае ўжо другі тыдзень. Сёння адбылося чарговае паседжанне, дзе Сяргей ізноў распавёў пра беспадстаўнасць абразаў.

Падтрымліваюць і цэняць працу Сяргея як гомельцы – наведнікі парталу «Сильные новости – Гомель сегодня», дзе друкуюцца ягоныя артыкулы, гэтак і адмыслоўцы – краязнаўцы ды гісторыкі.

«Сяргей вельмі шмат робіць для таго, каб у нашым горадзе захоўвалася гісторыка-культурная спадчына, каб архітэктурныя праекты праходзілі ацэнку грамадства, і гэта, канешне, не падабаецца гарадскім уладам», – тлумачыць канфлікт гісторык Яўген Малікаў.

Уладам не спадабаўся артыкул Сяргея пра будаўніцтва на костках

На вуліцы Сожскай, дзе раней былі габрэйскія могілкі, цяпер будуецца шматпавярховік. Сяргея выклікалі ў Следчы камітэт, разгляду ў судзе чакаюць цэлыя два пазовы супраць журналіста.Першы – ад «Гомельскай праўды». Другі – ад забудоўніка.

Слоўнае супрацьстаянне незалежных і дзяржаўных медыяў – нярэдкасць, аднак двухбаковы судовы канфлікт – бадай, упершыню. Калі судзяцца прадстаўнікі медыяў, за справаю назіраюць дзясяткі тысяч чытачоў. Толькі выглядае на тое, што падача гомельцам інфармацыі можа стаць аднабаковаю: судовыя разборы на замову ўладаў самаму папулярнаму ў Гомлі недзяржаўнаму парталу «Сильные новости» пагражаюць закрыццём.

Вольга Старасціна, «Белсат»