Год «ІТ-дэкрэту». Якія вынікі?


Сёння мінае год, як набыў моц Дэкрэт №8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Паводле задумы Лукашэнкі, дакумент мусіў даць свабодныя ўмовы ІТ-прадпрымальнікам, каб яны прыносілі грошы ў бюджэт ды дапамагалі мадэрнізаваць дзяржаўныя прадпрыемствы.

Кіраўнік Беларусі, як ён сам не раз прызнаваўся, не карыстаецца камп’ютарам і не разбіраецца ў гэтай галіне. Аднак Дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» лічыць адной са шматлікіх асабістых перамог.

Галоўнае, што прынёс дэкрэт, – стварэнне прававой асновы для абароту крыптавалютаў ды захаванне і ўвядзенне падатковых ды прававых ільготаў для Парку высокіх тэхналогіяў. І хоць біткойн і іншыя крыптавалюты значна страцілі ў кошце, пакуль дакумент рыхтаваўся, ІТ-кампаніі з Парку высокіх тэхналогіяў летась нарасцілі экспарт сваёй прадукцыі на 38 %. І гаворка не пра трактары і камбайны, а пра інтэлектуальную ўласнасць, праграмы на паўтара мільярда долараў.

«Айцішнікі зарабілі долараў на 150-200 мільёнаў, чым у пазамінулым годзе. То бок яны і самі зарабляюць, і даюць прыбытак краіне ў розных формах», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Але ці заўважылі беларусы інфармацыйнае абнаўленне дзяржавы за гэты год? Вось што сказалі «Белсату» жыхары Менску:

«Шчыра кажучы, упершыню ад вас даведалася, што ёсць такі дэкрэт і ён дзейнічае. І ў штодзённым жыцці не заўважаю».

«Чым я карыстаюся: аплата камунальных паслугаў праз інтэрнэт, электронныя чэргі».

«Яно вельмі проста: прыйшоў, аплаціў, не трэба стаяць у чарзе. Можна і ўдома плаціць».

«Я іх не бачу, калі шчыра. Па сутнасці, усё так, як і было».

Але ёсць і незаўважныя для грамадства інавацыі, якія дзяржава атрымала ад айтышнікаў. Лукашэнка не дарма называе іх, цытата, «яйкагаловымі, але карыснымі».

«Напрыклад, робяць аўтаматызаваныя сістэмы для падатковай інспекцыі, каб яны без усялякіх праверак ведалі, аўтаматыка рабіла, хто колькі атрымлівае і хто колькі зʼядае. Цяпер гэта лёгка – перахапіць плыні праз карткі спажыўчыя і банкаўскія», – прыгадвае Леанід Злотнікаў.

Таксама сілавым органам цяпер прасцей кантраляваць грамадзянаў – праз аналіз інфармацыі ў сацыяльных сетках, геалакацыю ў мабільных тэлефонах ці праз паўсюдныя камеры назірання і сістэмы распазнавання твараў і гэтак далей. У дэмакратычных краінах гэта інструмент барацьбы са злачыннасцю. У дыктатурах – інструмент барацьбы з дэмакратыяй.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu