Глыбоцкія ўлады «прафукалі» 400 метраў дарогі


Ні праехаць, ні прайсці – і вінаваты ў гэтым немалы адрэзку шашы Полацк – Вільня. Пры рамонце часткі старой дарогі паміж горадам Глыбокае і вёскай Зарубіна, што на Віцебшчыне, пакінулі недароблены кавалак. Пры гэтым ніхто не бярэ за сябе адказнасці за недаробку. Мы выехалі на месца, каб даведацца прычыны такой безгаспадарлівасці.

Год таму глыбоцкія ўлады нарэшце ўзяліся за аднаўленне гэтай неабходнай для функцыянавання дарогі: замест жвіру паклалі асфальт. Рамонтныя працы напоўнілі аптымізмам мясцовых жыхароў, але ненадоўга. Як аказалася, кавалак дарогі працягласцю 400 метраў ад знаку гораду Глыбокае і да чыгуначнага пераезду гэтак і застаўся неадрамантаваны.

«Там на кані не можна праехаць, не тое што там на машыне, а чыноўнікам добра, ім добра ў цёплых кабінетах, на новых машынах ездзіць. А мы на сваіх, са сваёй кішэні, з няшчаснай пенсіі трэба купляць запцацкі», – кажа мясцовы жыхар.

«Ні прайсці, ні праехаць, гразюка стане ісці ўвогуле немагчыма, ды сабак яшчэ зграя, трэба ж думаць таксама пра людзей», – дадае мясцовая жыхарка.

Праблема ў тым, што гэты кавалак дарогі абслугоўваецца не дарожнаю службаю, а глыбоцкімі камунальнікамі. А тыя, вядома, спасылаюцца на недахоп грошай, каб скончыць працы. Але зусім нядаўна дарога была яшчэ ў адносна добрым стане. На думку мясцовых, спрычыніліся да гэтага вучэнні «Захад-2017». І вось, здавалася б, мінула зусім мала часу, а дарога прыйшла ў нягоднасць. Мы намерыліся дазнацца ў намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэту: калі ж плануецца рамонт дарогі?

«Думкі такія есць, але ўсе залежыць ад фінансавання, будзе фінансаванне – пакладзем. Даўно хацелася там гэты кавалак пакласці», – тлумачыць намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкаму Алег Варша.

Мясцовым жыхарам застаецца толькі спадзяюцца на прыезд кіраўніка краіны ў Глыбокае, бо тады, як паказвае шматгадовы досвед, фінансы і сродкі адразу знаходзяцца. А пакуль людзі вымушаныя цярпець гэткую сітуацыю і спадзявацца, што мясцовае кіраўніцтва ўрэшце пачне прыслухоўвацца да патрэбаў тых, каму адсутнасць нармальнай дарогі штодня псуе жыццё.

Міхась Слаўнікаў, «Белсат»