Глядзіце як беларускія бізнесоўцы зарабляюць і дапамагаюць адначасова


У Менску прэзентавалі праекты школы сацыяльнага прадпрымальніцтва «Good Impact», якая дапамагае камерцыйным праектам развязваць грамадскія праблемы.

Як рабіць рэчы з нацыянальным каларытам ды зарабляць на гэтым? Адказ на гэтае пытанне ведаюць менчукі Анастасія і Андрусь – у школе «Good Impact» яны распавялі пра свой праект «Terra Album», мэта якога – замяніць кітайскі шырспажыў, якім запоўненыя беларускія крамы, беларускімі таварамі.

«Мы хацелі, каб культуру сваю цанілі. І ўсе гэтыя штодзённыя рэчы і вытворчасць сувенірнай прадукцыі базаваліся менавіта на нашых традыцыях і нашых адметнасцях беларускіх», – кажа сузаснавальніца праекту «Terra Album» Анастасія Комлік-Ямаціна.

Яны супрацоўнічаюць з этнакрамамі па ўсёй Беларусі, а таксама прадаюць тавары праз сацыяльныя сеткі. Вырабам рэчаў з нацыянальным каларытам Анастасія і Андрусь займаюцца ўжо восем гадоў. Сярод іх – вось такія нататнікі, якія каштуюць па 20 рублёў. Попыт на іх ёсць заўжды, асабліва сярод моладзі. Майстэрня размяшчаецца адразу ў кватэры – для яе перабудавалі асобны пакой. Цяпер сям’я хоча пашырыць свой праект і знайсці магчымасць уладкаваць людзей, у якіх ёсць цяжкасці з працаўладкаваннем – пенсіянерам, людзям з інваліднасцю.

«І творчая самарэалізацыя для іх, каб не сядзець у творчай адзіноце і ў праблеме гэтай замыкацца. І дадатковы прыбытак. Гэта немалаважнае цяпер», – мяркуе Анастасія.

Пра тое, як дамагчыся гэткіх амбітных мэтаў, распавядае адмысловая школа для сацыяльных прадпрымальнікаў «Good Impact». Тут дапамагаюць сацыяльным прадпрымальнікам-пачаткоўцам – амаль шасці дзясяткам праектам-пачаткоўцам зрабіць свае ідэі камерцыйна паспяховымі. Гэты міжнародны праект, працуе ў Гомлі, Менску і Горадні.

«Ёсць шмат людзей, у якіх ёсць ідэі для развязання сацыяльных праблемаў. Але няма навыкаў, як гэтыя мадэлі вырашэння сацыяльных праблемаў манетызаваць, як зрабіць іх устойлівымі», – кажа кіраўніца школы ў Менску Аксана Бернадская.

Эксперт Максім Падбярэзкін кажа, што ўжо цяпер у Беларусі некалькі сотняў такіх ініцыятыў. Але пакуль што для іх няма адмысловых умоваў – льготы нібыта раскіданыя паводле заканадаўства. Паводле яго змяніць сітуацыю можа адмысловы закон «Аб сацыяльным прадпрымальніцтве», які плануецца прыняць у наступным годзе.

«Плануецца даць не толькі нейкае вызначэнне, што такое «сацыяльнае прадпрымальніцтва», але таксама вызначаныя льготы і месца супрацы паміж традыцыйным бізнесам, дзяржаўнымі інстытутамі ды сацыяльнымі прадпрымальнікамі», – дадае Падбярэзкін.

Школа «Good Impact» працягнецца да чэрвеня 2020 года. Напрыканцы праекту вызначацца дзевяць найбольш паспяховых ініцыятываў з усіх рэгіёнаў, якія і атрымаюць далейшае падтрыманне ад арганізатараў.

Рэпартаж Ксеніі Тарасевіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 12 кастрычніка