Глеб Паўлоўскі – пра акцыі запалохвання масквічоў


Суботні пратэст у Маскве, што скончыўся масавымі затрыманнямі і збіццём, стаўся штуршком для чарговага выказвання незадаволенасці. Гэтак студэнты Вышэйшай школы эканомікі зладзілі на Пятроўцы адзіночныя пікеты. Яны патрабавалі вызваліць свайго аднакашніка Ягора Жукава – прэтэндэнта ў кандыдаты на выбары ў Масгардуму, які стаўся самым маладым фігурантам у справе аб масавых закалотах.

Ужо праз некалькі хвілінаў пасля пачатку адзіночных пікетаў траіх пратэстоўцаў затрымалі ды адвезлі ў аддзяленне паліцыі. Аднаго з іх – Арцёма Цюрына – пакінулі там на 48 гадзінаў. Студэнты запатрабавалі, каб у сітуацыю ўмяшалася кіраўніцтва ВНУ – інакш, на іхную думку, да 1 верасня ва ўніверсітэце не будзе каму вучыцца.

Рэпартаж Машы Макаравай, Максіма Гараніна і Юліі Лабанавай з Масквы глядзіце ў поўным выданні навінаў за 5 жніўня

У планах маладзёнаў надалей працягваць змаганне за Ягора Жукава – студэнта Вышэйшай школы эканомікі і незарэгістраванага кандыдата ў Маскоўскую гарадскую думу. Яму пагражае 8 гадоў турмы.

«Калі перамагае страх, надыходзіць цішыня. Цішыня, што будзе перарвана гукам тармажэння чорнага варанка за акном, што дзеліць жыццё на «перад» і «пасля» гуку дзвярнога званка», – кажа Жукаў.

Праз восем гадзінаў пасля публікацыі відэа да Ягора Жукава прыйшлі з ператрусам. 2 жніўня яго прызналі фігурантам справы аб масавых закалотах ды адправілі пад арышт да канца верасня. Доказам віны сталася відэа, на якім Жукаў адводзіць натоўп пратэстоўцаў з праезнай часткі. Паручыліся за блогера дзясяткі людзей, у тым ліку галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксандр Венедыктаў.

3 жніўня, падчас апошняга выступу – за допуск незалежных кандыдатаў да выбараў – сілавікі затрымалі больш за тысячу жыхароў Масквы. Паводле праваабаронцаў, прынамсі 20 чалавек збіла паліцыя. Аднаму ўдзельніку пратэсту зламалі руку, іншаму – сур’ёзна пашкодзілі нагу. Сярод збітых – няпоўнагадовы.

«Працаўнікі АМАПу, што не абмяжоўваюць сябе ні ў чым, у апошні час сталі закрываць твары, адчуваючы абсалютную беспакаранасць. Можна сказаць, што яны сталі дзейнічаць больш жорстка», – кажа даследнік «Amnesty International» Алег Казлоўскі.

Сёння Прэсненскі суд адправіў пад арышт яшчэ траіх фігурантаў гэтай справы, усяго ў СІЗА сядзяць ужо 9 чалавек. Яны не прызнаюць сваёй віны.

«За апошнія прынамсі 10 гадоў ніводнага выпадку масавых закалотаў у Расеі не было. Таму тое ўжыванне сілы – дэманстратыўнае, цынічнае, якое мы бачылі, яно не апраўдана наагул нічым», – дадае Алег Казлоўскі.

Тым не менш, заведзеная новая крымінальная справа – за тўіты, у якіх, на думку сілавікоў, жыхар Падмаскоўя Уладзіслаў Сініца заклікаў да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні дзяцей праваахоўнікаў. Па сетцы ходзіць і ліст з пагрозамі апазіцыі, напісаны нібыта расейскімі сілавікамі. Эскалацыя пратэсту не дапаможа нікому – кажуць эксперты.

«Зараз мы проста назіраем развіццё сілавых акцыяў, запалохвання, і агулам гэта можна назваць унутранай эскалацыяй. Я ўвогуле лічу, што наша ўлада не ведае спосабу кіравання, які не быў бы звязаны з той ці іншай эскалацыяй. Яна не можа вырашаць праблемы, калі не абвастрае сітуацыю», – кажа палітолаг Глеб Паўлоўскі.

Спыняць барацьбу апазіцыя пакуль не збіраецца. Новую акцыю пратэсту запланавалі на 10-га жніўня на праспекце Сахарава ў Маскве.

Юлія Лабанава, Маша Макарава, Максім Гаранін, «Белсат»