Глабальны жаночы марш


26 краінаў свету разам з беларускамі маршуюць у гэты дзень! Падтрымала смелых беларусак і Святлана Ціханоўская.

Нацыянальныя беларускія сцягі ды кветкі – белыя і чырвоныя. Марш салідарнасці з беларускімі жанчынамі адбыўся ў Варшаве.

«У Менску і другіх гарадах пастаянна выходзяць дзяўчаты. Хочацца пачувацца адзіным цэлым з беларусамі. Бо мы сядзім за мяжой, і хочацца нешта зрабіць. Пастаянна чытаеш навіны. Я вельмі радая, што сёння арганізавалі гэты Жаночы марш».

«Мы беларусы. Гэта самае важнае. Не важна, дзе мы жывем, як доўга мы жывем у іншай краіне. Мы перадусім беларусы. І тут мы маем магчымасць выйсці, сказаць сваё слова, выказаць свой супраціў таму, што зараз адбываецца ў нашай краіне. Таму прыходзім. Дачка падтрымлівае», – кажуць удзельніцы Жаночага маршу ў Варшаве.

Прыйшлі на акцыю і беларускі, якім давялося з’ехаць з радзімы з прычыны пераследу. У Польшчы яны просяць палітычнага прытулку.

«Я настаўніца, аказалася без працы па сваіх палітычных перакананнях. Мы, канечне ж, хадзілі на акцыі пратэсту і нашыя выказванні, наш пункт гледжання не супадаў з дзяржаўнай ідэалогіяй», – распавядае ўцякачка з Беларусі Святлана.

Удзельніцам акцыі дарылі кветкі – сімвал чысціні, свабоды, міру, і ад нядаўна – сімвал супраціву беларускіх жанчын.

«Акцыі, якія праводзяцца ў Беларусі і за яе межамі, – гэта выключна мірныя акцыі. І кветкі як супрацьлегласць ад зброі, якую ўжываюць міліцыянты, сілавікі ў Беларусі павінныя паказаць, што мы хочам толькі міру і не хочам ужываць ніякай зброі супраць беларускага народу», – кажа Аляксандр Лапко з Цэнтру беларускай салідарнасці ў Варшаве.

Ад Кракаўскага прадмесця цэнтральнымі вуліцамі польскай сталіцы калона з некалькіх соцень чалавек рушыла на пляц Жалезнай Брамы, каб ускласці кветкі да помніку Тадэвушу Касцюшку.

Маршы салідарнасці з Беларуссю сёння адбываюцца не толькі ў Польшчы, а па ўсім свеце. Больш за два дзясяткі краін адгукнуліся на заклік жанчын Беларусі падтрымаць іх у змаганні за правы і годнасць.

У Вільні Жаночы марш пачаўся каля літоўскага Сейму. На акцыю сабраліся дзясяткі неабыякавых да праблемаў Беларусі людзей.

«У мяне ёсць знаёмыя ў Беларусі. Я з Расеі. Але вельмі перажываю за Беларусь. Мне здаецца, тое, што там адбываецца, – гэта вельмі важна і адначасова жахліва. Гэтыя дзеянні з боку сілавікоў».

«Сёння ў Беларусі шмат жанчын ідуць на рызыку, выходзячы на вуліцы. І мы проста не маем права не падтрымаць іх, знаходзячыся ў вольнай краіне, дзе нас падтрымліваюць, нас ахоўваюць. Мы за Беларусь, за дзяўчат, за мір, за свабоду. За вызваленне ад дыктатуры. Жыве Беларусь!», – гавораць удзельніцы Жаночага маршу ў Вільні.

Падтрымаць беларусаў і беларусак прыйшла экс-кандыдатка на прэзідэнцтва Беларусі Святлана Ціханоўская, якая цяпер вымушана жыве ў Літве.

«Гэта жаночы марш, і я павінна быць тут. Я была б, канечне, лепей у Беларусі, але вы ж ведаеце абставіны. Жанчыны ўва ўсім свеце сабраліся сёння ў падтрымку нашага беларускага народу», – кажа Святлана Ціханоўская.

На пытанне, як змяніць сітуацыю ў Беларусі ды выйсці з палітычнага крызісу, Святлана Ціханоўская адказала, што мае дакладную стратэгію.

«Першы пункт гэтай стратэгіі – гэта ціск на рэжым як унутры краіны, так і звонку. Таму цяпер мы здзяйсняем першы пункт. Не ведаю, колькі ён працягнецца, спадзяюся, што хутка мы зможам перайсці да другога пункту: гэта перамовы, мірныя, прадуктыўныя. Усё для гэтага робіцца. А потым – новыя выбары», – упэўненая Ціханоўская.

Падобныя маршы прайшлі практычна ўва ўсёй Еўропе: між іншага, у Францыі, Нідэрландах, Кіпры, Латвіі, Эстоніі, Расеі ды ва Украіне.

Анастасія Русецкая, «Белсат»