Гісторыя Белсату: праўды схаваць немагчыма


Больш за 20 журналістаў «Белсату» затрыманыя

З іх палова трапіла ў суды паводле адміністратыўных артыкулаў. Так для нашага тэлеканалу прайшоў сакавік, месяц самых гарачых пратэстаў супраць падатку на адсутнасць працы. Ёсць і арыштаваныя – цяпер за кратамі 15 дзён адбывае Алесь Баразенка, абвінавачаны за дробнае хуліганства.

«Я спытаўся ў сведкі, ці было ў мяне нешта ў руках. Ён сказаў, што нічога не было, што я, пры тым, што выражаўся нецэнзурна, я размахваў рукамі. Вельмі цяжка размахваць рукамі, калі ты двума рукамі трымаеш камеру», – зазначыў Баразенка.

Але так было амаль ад пачатку

«Белсат» распачаў трансляцыю напрыканцы 2007-га года, а ў сакавіку наступнага адбыліся масавыя ператрусы ў рэдакцыях і на асабістых кватэрах практычна ўсіх незалежных журналістаў, хто супрацоўнічаў з Белсатам ды іншымі замежнымі медыямі. Такія ж ператрусы былі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010-га года. І ўвесь час – без акрэдытацыі.

«Калі яны вядуць антыбеларускую прапаганду вядуць на гэтым канале, то правільна робяць адпаведныя структуры, што іх не рэгіструюць у Беларусі», – казаў Лукашэнка.

Не рэгіструюць, затрымліваюць, ламаюць камеры, проста бʼюць

А журналісты працуюць. Асабліва цяжкая сітуацыя ў рэгіёнах. Чыноўнікі, ахоўнікі і міліцыянты як агню баяцца камераў, якія могуць паказаць карупцыйныя праблемы ды незадаволеных грамадзянаў.

У Гомлі журналісты-фрылансеры, што супрацоўнічаюць з «Белсатам», у мінулым і пазамінулым годзе сталі рэкардсменамі па колькасці прысуджаных штрафаў. Каб спыніць ціск сілавых структураў, Кастусь Жукоўскі адмыслова зашываў сабе рот перад судом.

І вось гарачы сакавік 2017-га

Сацыяльныя пратэсты практычна па ўсёй Беларусі. На вуліцы выйшлі і тыя грамадзяне, якія раней не цікавіліся палітыкай. Людзі самі падыходзяць да журналістаў «Белсату», каб распавесці пра несправядлівасць. І абураюцца тым, як нахабна хлусіць дзяржаўнае тэлебачанне.

Можна зламаць камеру, даць вялізны штраф, арыштаваць журналіста ці блогера. Але ці магчыма схаваць праўду ў 21-м стагоддзі? Нашыя гледачы кажуць, што не.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота – Максім Швед