Гісторыя антысаветчыка Цімоха Вострыкава, які да старасці пужаў КДБ


Хлопец з усходняй Беларусі на мянушку «Васцёр» – Цімох Вострыкаў нарадзіўся ў 1922 годзе пад Гомлем у сялянскай сям’і, ягоны бацька тры гады сядзеў за кратамі за адмову ўступіць у калгас. Непрыязнь да бальшавіцкай улады перадалася і сыну: ён уцякаў спачатку ад саветаў і мабілізацыі, пасля – ад немцаў. Ён не пайшоў ні да партызан, ні ў карнікі, ні ў паліцыю – але вяртацца ў Беларусь баяўся, бо быў у палоне, а былых палонных аўтаматычна лічылі здраднікамі.

У эміграцыі Вострыкаў пазнаёміўся з Янкам Запруднікам, Паўлам Урбанам ды іншымі дзеячамі беларускага супраціву, якіх пасля назавуць «дванаццаткай». Аднак пасля ў інтэрв’ю радыё «Свабода» ён тлумачыў, што не мог жыць у эміграцыі ды намагаўся вярнуцца ў Беларусь.

«Я не мог жыць за мяжой… А тут, безумоўна, даведаліся амерыканцы. Ну і згадзіліся мяне перакінуць сюды. Якім спосабам, я ж нічога не ведаў. Я толькі думаў, перайду Берлін, там жа ж пераходы былі. І адтуль лёгка можна дабрацца дахаты. Але выйшла крыху інакш…«, – узгадваў Цімох Вострыкаў.

У 1951-ым ён знайшоў кантакт да амерыканскай выведкі

Пасля спецпадрыхтоўкі ў складзе чатырохасобавай групы як паўнамоцны прадстаўнік Рады БНР дэсантаваўся з амерыканскага самалёта ў Налібоцкую пушчу. Праз тыдзень Вострыкава арыштавалі працаўнікі НКУС – і асудзілі за «здраду Радзіме са зброяй у руках».

«Насамрэч ён быў не шпіён, а разведчык, таму што шпіён гэта чужы, хто на чужую рэспубліку працуе, а Вострыкаў працаваў на БНР – гэта тая рэальная краіна, нашая бацькаўшчына, што была ўтвораная ў 1918-ым годзе і ён адстойваў інтарэсы сваёй бацькаўшчыны», – тлумачыць Алесь Яўсеенка, праваабаронца і сябра Вострыкава.

Яго асудзілі на 23 гады лагераў

Цімох адбыў поўны тэрмін у Мардовіі, а пасля вярнуўся ў Гомель. Яшчэ ў зняволенні ён распачаў гістарычную працу па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, па вяртанні ў Беларусь актыўна ўключыўся ў грамадскае жыццё.

Да апошніх дзён жыцця ён заставаўся пад пільным наглядам – васьмідзесяціпяцігадовы Вострыкаў моцна хварэў, аднак да яго прыходзілі мясцовыя агенты КДБ, а дзяржаўны тэлеканал ОНТ зрабіў фільм «Рэзідэнт дзвюх выведак». Цімох Вострыкаў пайшоў з жыцця 10 гадоў таму і да самае смерці не быў рэабілітаваны.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: racyja.com