Гісторыкі пра тое, чаму Пуцін назваў Польшчу хаўрусніцай Гітлера


«Расейскі народ больш за іншых пацярпеў ад палітыкі Сталіна», – напісаў у сваім Twitter прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі. У якасці адказу на абвінавачанні прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ў хаўрусе даваеннай Польшчы з Гітлерам.

Польшча – хаўрусніца Гітлера. Гэты дыскурс сёлета пачаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, яго падхапіла крамлёўская прапагандысцкая машына. Перапісваючы гісторыю і вінавацячы Польшчу ў развязванні Другой сусветнае вайны, Крэмль ігнаруе шэраг важных фактаў.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Асноўныя абвінавачанні Масквы да Варшавы – антысемітызм як дзяржаўная ідэалогія міжваеннай Польшчы ды супольны з Нямеччынаю напад на Чэхаславаччыну. Польскі гісторык і журналіст Пётр Касьціньскі мяркуе, што гэтыя факты, мякка кажучы, вырваныя з кантэксту:

«Польшча сапраўды брала ўдзел у раздзеле Чэхаславаччыны, гэта не было добрым учынкам. Аднак гэта ніяк не паўплывала на пачатак Другой сусветнай вайны гітлераўскаю Нямеччынай. У сваю чаргу гэтая вайна хутчэй была б немагчымая, каб не пакт Молатава-Рыбэнтропа. Гітлер гэткім чынам упэўніўся, што з боку Савецкага Саюзу не толькі нічога кепскага яго не сустрэне, а наадварот ён атрымаў падтрыманне ў выглядзе акупацыі паловы Польшчы».

Гісторыкі таксама згадваюць і супольны парад гітлераўцаў і саветаў у Берасці ў 1939 годзе, і трэнаванні нямецкіх вайскоўцаў на савецкіх палігонах, і гандаль паміж СССР і Трэцім Райхам. Усё гэтае дазваляе называць хаўрусніцаю Гітлера іншую краіну. Як, напрыклад, гэта зрабіла амбасадарка ЗША ў Польшчы Джорджэт Масбакер у адказ на заявы Пуціна:

«Шаноўны прэзідэнт Пуцін, гэта Гітлер ды Сталін дамовіліся, каб распачаць Другую сусветную вайну. Гэта факт. Польшча была ахвяраю гэтага жахлівага канфлікту».

Адмыслоўцы мяркуюць, што сваймі правакацыйнымі заявамі Пуцін хоча абвострыць адносіны з Захадам, а таксама чарговы раз данесці да расейцаў вобраз заходняга ворага. Аднак жа расейская прапаганда транслюецца таксама і на нашую краіну. Гісторык Ігар Мельнікаў кажа:

«Я яшчэ раз апелюю да нашых дзяржаўных чыноўнікаў, уладаў, і я спадзяюся, што сярод іх сапраўды ёсць людзі, якія думаюць, якія звярнуць увагу, што трэба нашую гісторыю разглядаць менавіта не з маскоўскіх, а з беларускіх пазіцыяў. Падзеі 1939 года трэба разглядаць менавіта з гэтых».

Ігар Мельнікаў нагадвае, што з боку заходніх краінаў пасля Другой сусветнай не было спробаў пераглядаць пасляваенныя межы. Што нельга казаць аб Расеі, якая ў 2014 годзе не словамі, а справамі нагадала ўсяму свету нямецкае слова «аншлюс».

Ян Вярбіцкі belsat.eu