Гісторык Зміцер Дрозд: Беларусь знаходзіцца на апошнім месцы па ўзроўні доступу да архіваў


Сёлета Беларусь адзначае сумныя юбілеі: 80 гадоў дэпартацыі жыхароў Заходняй Беларусі, 90 – з высылкі сялянаў ды 80 гадоў – з часу катынскіх расстрэлаў. Але дагэтуль архівы палітычных рэпрэсіяў не асабліва даступныя. Пра гэта распавялі гісторыкі, сябры грамадскай кампаніі «Забітыя, але не забытыя».

Каб запаліць свечку і ўшанаваць памяць свайго дзеда, цёткі Марыі і дзядзькі Францішка Васілеўскіх, сям’я Бернарды Івановай усталявала крыж у Курапатах. Жанчына некалькі разоў звярталася ў КДБ, каб даведацца пра лёс сваіх родных, але звестак не атрымала.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Я звярнулася ў КДБ па звесткі аб маіх родных, пра якіх мы нічога не ведалі, яшчэ ў 2009 годзе. Я напісала заяву, даказала, што я блізкая сваячка, бо ў мяне іншае прозвішча. Я спадзявалася, што мне дадуць паглядзець архівы, але нічога мне не далі паглядзець», – кажа ўнучка і пляменніца Васілеўскіх Бернарда Іванова.

Крыж у Курапатах стаўся адзіным знакам пахавання закатаванай сям’і Васілеўскіх, бо сапраўднае месца іхнага апошняга зямнога спачыну так і засталося невядомым. Курапаты – гэта таксама сімвалічнае месца пахавання ўсіх ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі. Людзі прыходзяць сюды, каб ушанаваць памяць родных, бо сапраўднае месца іх згубы і да сёння невядомае. Як і імёны закатаваных, якія ляжыць у гэтых ямінах-магілах.

Нават на пачатку 90-х даследчыкам і грамадзянам з цяжкасцю ўдавалася даступіцца да архіваў. Цяпер жа гэтая праблема толькі абвастрылася, тлумачаць сябры грамадскай кампаніі «Забітыя, але не забытыя».

«Мінюст кажа, што няма абмежаванняў у доступе да базы звестак, але доступу няма. І яшчэ больш дзіўныя рэчы: у 2014 годзе я атрымаў звесткі на рэпрэсаванага прадзеда, а ў 2019 годзе мне пішуць, што такіх звестак няма. Куды яны дзеліся?» – задае пытанне каардынатар кампаніі «Забітыя, але не забытыя» Ігар Станкевіч.

Даведацца праўду пра лёс закатаваных перашкаджаюць патрабаванні давесці сваяцтва, аплаціць паслугі натарыусаў і нават консульскі збор. Гэтак, Беларусь аказалася сярод апошніх у рэйтынгу постсавецкіх краінаў паводле магчымасці доступу да архіваў, кажуць даследчыкі.

«На сёння Беларусь знаходзіцца на апошнім, максімум – перадапошнім месцы па ўзроўні доступу да архіваў. І да архіваў не гістарычных, а менавіта – архіваў спецслужбаў: МУС, КДБ і іншых», – сведчыць гісторык-архівіст Зміцер Дрозд.

Перашкоды на атрыманне праўды пра палітычныя рэпрэсіі адбываюцца насуперак заканадаўству краіны, якое не абмяжоўвае доступу грамадзянаў да архіўных звестак. Гэтыя перашкоды з боку дзяржаўных органаў на доступ да архіваў незаконная, заяўляюць праваабаронцы.

«У чым праблема? Гэтае пытанне, напэўна, патрэбна задаць кіраўніцтву краіны, якое рэалізоўвае палітыку ў сучаснай краіне, а таксама кіраўнікам устаноў, якія выконваюць гэтую палітыку. А яна супярэчыць і Канстытуцыі, і міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь», – сцвярджае юрыст БХК Гары Паганяйла.

Паводле афіцыйных звестак, ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў сталіся каля 600 тысячаў жыхароў Беларускай ССР. Праваабаронцы заяўляюць, што дзяржава абавязаная адкрыць архівы, грамадства мае права даведацца праўду, а сваякі – атрымаць матэрыяльную кампенсацыю.

Галіна Абакунчык belsat.eu