Аб'ектыў 17.09.2018 Гісторык: «Савецкая мяжа мусіла прайсці па Варшаве»


Я памятаю, я ганаруся. Не раз такі лозунг можна сустрэць на плакатах, што прапагандуюць памяць пра Чырвоную армію. Што праўда, пры гэтым шмат хто забывае, што пачыналі Другую сусветную вайну саветы як хаўруснікі вермахту.

«Гэта вышэйшая палітыка, я не магу гэта ацэньваць».

«Адмоўна стаўлюся, бо падзялілі Польшчу».

«Я ў той час не жыў, таму, што было і як было, мне цяжка судзіць» – выказваюцца жыхары Берасця.

Славуты парад Гудэрыяна – Крывашэіна адбыўся праз 5 дзён пасля таго, як нямецкія і савецкія войскі зламілі супраціў польскіх атрадаў, сярод якіх было мноства жыхароў заходнебеларускіх зямель. Сярод асяродкаў супраціўлення нацыстам у 1939-ым знайшлася і славутая Берасцейская крэпасць.

Супраціў саветам давалі і ў Горадні. Палеглых абаронцаў гораду традыцыйна ўшаноўваюць сябры Саюзу палякаў у Беларусі разам з дэлегацыяй польскага консульства. Яніна Саловіч, Саюз палякаў у Беларусі:

«Памяць пра тыя падзеі жыве не толькі сярод старэйшых асобаў, якія гэта перажылі. Яе перадаюць моладзі, каб і яны маглі распавесці гэта сваім дзецям і ўнукам».

Пасля прыходу саветаў рэпрэсіі закранулі цэлыя пласты грамадства. У сялянаў канфіскоўвалі маёмасць, святароў ды інтэлігенцыю расстрэльвалі. Анатольк Трафімчык, кандыдат гістарычных навук:

«125 тысячаў дэпартаваных, толькі дэпартаваных было ў гэтыя няпоўныя два гады ў Заходняй Беларусі. Некалькі тысячаў арыштаваных па мінімуме».

Але савецкая прапаганда падае іначай. Але ці сапраўды СССР гэтак дбаў пра інтарэс заходніх беларусаў, і як у гэты кантэкст упісваецца перадача Літве старажытнае сталіцы Вільні? Кастусь Шыталь, краязнаўца, блогер:

«Вільня была страчаная для нас. Бо да 1939 года людзі ездзілі вучыцца ў Вільню, паглядзець віленскія культурныя здабыткі».

«А цяпер яна ўвогуле адгароджана мяжой, і мала хто з былой Віленшчыны ў Вільні бывае».

Зрэшты, наконт межаў. Нягледзячы на гучныя заявы пра ўз‘яднанне народаў, рыжскую мяжу, што падзяліла Беларусь між Масквой і Варшаваю, зліквідавалі не саветы, а немцы. Да 1941-га года заходнім беларусам выязджаць на Усход можна было толькі з адмысловым пропускам. Усходнія ж беларусы ў большасці даўно былі пазбаўленыя асноўных правоў і жылі без пашпартоў. А згадку пра аб’яднанне народу прыдумалі ўжо прамінулым днём. Анатольк Трафімчык, кандыдат гістарычных навук:

«Калі ж ішлі бальшавікі, яны не думалі пра аб’яднанне Беларусі».

«Мяжа савецка-нямецкая мусіла была прайсці па Варшаве. Гэта потым ужо перагулялі, і Заходняя Беларусь, зноў-такі, за выключэннем земляў, якія знайшліся за Беластокам, была ўключаная ў СССР».

Паводле Анатоля Трафімчыка, дата 17-га верасня неразрыўна звязаная з 23-ім жніўня – падпісаннем пакту Молатава – Рыбентропа. Калі ж адшукваць дзень для адзначэння абʼяднання беларускіх земляў, то куды больш пасуюць Тэгеранская канферэнцыя або прыняцце БССР у ААН з існымі межамі.

Але ці павінны мы ўвогуле звязваць сваю незалежную дзяржаву з савецкімі штыкамі, якія ў 1919-ым знішчылі Беларускую Народную Рэспубліку, а праз 20 гадоў праз кроў і няшчасці здабывалі яе заходнія часткі?

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары