Гісторык прапануе лепшую дату Дня абаронца Айчыны


Беларускія хлопцы бяруць удзел у «Забегу сапраўдных мужчын» з нагоды Дня абаронцы Айчыны. 23 лютага 2020 года. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Тое, што многія беларусы лічаць 23 лютага Днём абаронцы Айчыны, выклікае крыўду ў доктара гістарычных навук Аляксандра Краўцэвіча. Навуковец прапаноўвае альтэрнатыўную дату для гэтага свята.

Міжнародны мужчынскі дзень у календары прыпадае на 19 лістапада, аднак у Беларусі галоўным святам мужчын па-ранейшаму лічыцца 23 лютага. І віншуюць у гэты дзень не толькі дзейных абаронцаў Айчыны, але і патэнцыйных.

Ці адзначаеце Дзень абаронцаў Айчыны і чаму, мы запыталіся ў жыхароў Менску:

«Не люблю адзначаць, але ж даводзіцца, каб супраць грамадства не ісці».

«Гэта свята, якое дае магчымасць сказаць мужчынам добрыя словы. Бо гэта нашая надзея, апора, абарона».

«Вайскоўцы, гэта ж яны нас абаранілі. І ўвогуле вайна была такая. Армія – гэта самае галоўнае ў дзяржаве».

«У мяне ёсць бацька і брат, і таму дорым падарункі, сям’ёй збіраемся і адзначаем».

«Ніколі – і нават у савецкі час не адзначаў».

23 лютага 1918 года Чырвоная гвардыя атрымала першыя перамогі пад Псковам і Нарвай над войскамі кайзераўскай Нямеччыны – гэтак напісана шмат у якіх гістарычных крыніцах.

«Насамрэч, гэта чыста ідэалагічны бальшавіцкі кантэкст. Ім трэба было падняць значэнне Чырвонай арміі. Яны прыдумалі дзень, прыдумалі ўяўную падзею, што там нібыта Чырвоная гвардыя, яшчэ не армія, дала бой немцам. Насамрэч, ніякіх значных бітваў у гэты дзень няма», – сцвярджае Аляксандр Краўцэвіч.

Той факт, што вельмі шмат беларусаў лічыць 23 лютага Днём абаронцы Айчыны, выклікае крыўду, кажа гісторык. І прапаноўвае альтэрнатыўную дату:

«Вельмі пасуе да гэтага свята дзень 27 лістапада – пачатак Слуцкага збройнага чыну. Тут усё згаджаецца. І ідэалагічна і веліч подзвігу. Людзі змагаліся за сваю зямлю. І ніхто іх не гнаў, ніхто х не мабілізоўваў, гэта добраахвотнікі, гэта беларускія мужчыны, якія пайшлі бараніць сваю Айчыну».

Каб увесці новую дату ў свядомасць і ўжытак грамадства, на думку адмыслоўцы, дастаткова 27 лістапада зрабіць святочным днём.

Сюжэт Анастасіі Русецкай глядзіце ў поўным выданні навінаў за 23 лютага