Гісторык: Cвяткаваць Дзень незалежнасці 3-га ліпеня – блюзнерства


Штогод амаль адное і тое ж: спачатку рэпетыцыі, перакрыты горад і міліцыя на кожным кроку. А потым прамова Аляксандра Лукашэнкі і наглядная дэманстрацыя: памяць ветэранаў, магутнасць войска, дасягненні спорту і народнай гаспадаркі. Але чаму Беларусь святкуе Дзень Незалежнасці менавіта 3-га ліпеня?

Паводле Лукашэнкі, у гонар вызвалення Менску ад гітлераўскіх войскаў у 1944-м годзе. Хаця БССР – беларуская савецкая рэспубліка – насамрэч не мела незалежнасці.

Нават калі і прыняць з вялікім дапушчэннем БССР за беларускую дзяржаву, то чаму размова пра вызваленне ад гітлераўцаў, а не пра дату стварэння рэспублікі?

«БССР была часова акупаваная. Мы не страцілі незалежнасць ні на 100, ні на 50 гадоў, і паўсюль у гістарыяграфіі падкрэсліваецца, што гэта быў часовы перыяд: напад гітлераўскай Нямеччыны і вызваленне», – тлумачыць гісторык Ігар Кузняцоў.

3-га ліпеня – святая дата для менчукоў

Але ў той дзень гітлераўскія войскі яшчэ стаялі ў Баранавічах і Берасці, і вызваленне беларускай зямлі працягвалася.

«Вельмі некарэктна і можа нават блюзнерскі святкаваць 3-га ліпеня, калі яшчэ больш за 2 тыдні ішлі баі і гінулі людзі, гінулі ваяры Чырвонай арміі, партызаны, мірныя жыхары», – звяртае ўвагу спадар Кузняцоў.

Гэтую дату зрабілі святам пасля рэферэндуму 1996-га года

Пытанне аб 3-га ліпеня было побач з пытаннем аб пашырэнні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Тады Лукашэнка казаў, што рэферэндум прайшоў бездакорна.

Справа не столькі ў датах і рэферэндуме, колькі ў адчуванні народа самім сабой. Хто мы, беларусы? Нашчадкі БССР ці незалежны і самастойны народ? Такое пытанне вайсковым парадам не вырашыш.

Яраслаў Сцешык, «Белсат» Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum