Гістарычную сядзібу пад Ашмянамі прададуць за 700 долараў


Будынак нявызначанага прызначэння з прыбудоваю, трыма тэрасамі, склепам… Гэтак лаканічна апісваецца стогадовая сядзіба Стругача ў дакументах аўкцыёну, які пройдзе 30 студзеня. Кошт драўлянай сядзібы – крыху даражэйшы за 700 долараў.

Віктар Арадчанка жыве насупраць сядзібы некалькі дзясяткаў гадоў. Ён – сведка ўсяго, што адбываецца з будынкам:

«Людзей рассялілі, гэта вось усё абадралі. Фурнітуру. Прыгожую ляпніну, якая была наверсе, на франтоне, папрыбіралі. Медны громаадвод таксама знялі. І вось да чаго яна дайшла. Пачалі дзеці лазіць, бегаць».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Шмат у якіх месцах фасаду сядзібы Стругача ўтварыліся дзіркі, і яны толькі павялічваюцца. Праз дах зацякае вада, а ўнутры – поўная разруха, нягледзячы на ​​тое, што вокны і дзверы забітыя.

«Гэта называецца безгаспадарчасць. Калі яе можна было прадаць нармальна, яе не прадавалі, цяпер, калі яна згніла, яе прадаюць за 700 баксаў», – мяркуе Віктар Арадчанка.

Пазалетась, калі стан сядзібы быў не такі крытычны, яе гатовы быў выкупіць мясцовы жыхар Тадэвуш Бальцэвіч. Але тады райвыканкам дазволу на продаж не выдаў. У аўкцыёне, які пройдзе 30 студзеня, Тадэвуш удзельнічаць не плануе і тлумачыць, чаму:

«Так як будынак нежылы, нельга ні прыняць турыстаў, ні накарміць іх, нічога нельга зрабіць, гэта чыста зрабіць сцены, павесіць там пару экспанатаў і вадзіць, як у музей. Немэтазгодна гэта будзе».

У дакументах аўкцыёну ва ўмовах продажу акрэслена неабходнасць правядзення рэканструкцыі ды прыёмкі абʼекта ў эксплуатацыю цягам пяці гадоў. Даведацца падрабязнасці ва ўласніка – аддзелу адукацыі Ашмянскага райвыканкаму – не ўдалося. Міліцыянт нас не прапусціў у будынак.

Драўляную сядзібу мясцовы прадпрымальнік Леў Стругач пабудаваў на мяжы 19 і 20 стагоддзяў. За час існавання будынак у стылі мадэрн гэтак і не ўнеслі ў спіс гістарычна-культурніцкіх каштоўнасцяў. Ігар Чарняўскі з фонду «Культурная спадчына і сучаснасць» тлумачыць:

«Калі б гэты статус быў, можна было б да ўласніка прадʼявіць ужо сёння прэтэнзіі, чаму сядзіба знаходзіцца ў такім стане. Можна панесці адміністратыўную адказнасць за пагаршэнне тэхнічнага стану або калі нейкая шкода прычыняецца абʼекту. І да крымінальнай адказнасці».

Але з абʼектамі, якія маюць статус гістарычна-культурніцкай каштоўнасці, таксама не ўсё так проста. Сінагога ў Ашмянах уваходзіць у спіс гістарычна-культурніцкіх каштоўнасцяў, але цяпер яна ўсё роўна чакае пачатку рэстаўрацыйных працаў. Аднак гэты асаблівы статус хоць бы дае надзею, што сінагогу з цягам часу прывядуць у парадак.

«Галоўнае ж пытанне – гэта грошы, наяўнасць сродкаў для таго, каб праводзіць пэўныя работы», – кажа Ігар Чарняўскі.

Сядзіба Стругача пакуль чакае аўкцыёну, і шанец, што яна захаваецца, хоць і мінімальны, але ёсць. У той жа час у Беларусі дастаткова абʼектаў, якія былі знішчаныя, так і не атрымаўшы статусу гістарычна-культурніцкай каштоўнасці. Напрыклад, комплекс царскіх казармаў у Горадні і вядомы драўляны будынак на вуліцы Валковіча. У Берасці – двухпавярховы дом 19 стагоддзя каля станцыі «Берасце Цэнтральнае».

Алена Дубовік belsat.eu