«Гэтыя прадпрыемства будуць вымушаныя лічыцца з людзьмі». Людзі абураныя дзейнасцю заводу «Омск Карбон»


Завод «Омск Карбон» знаходзіцца ў «Свабоднай эканамічнай зоне» Магілёва. З’явіўся смог, з’едлівы пах, выкіды сажы – жыхары вёсак побач заводу абураныя. Улады абурэння не разумеюць.

«Пакуль аніякай праблемы я не бачу. Тое, што вытворчасці развіваюцца, будуюцца новыя, ствараюцца…» – адказвае намеснік старшыні абкаму прыродных рэсурсаў Канстанцін Цеплякоў.

Прадстаўнікі мясцовых уладаў і заводу «Омск Карбон» пагадзіліся на дыялог з жыхарамі і эколагамі на пляцоўцы «Цэнтру гарадскіх ініцыятыў». Жыхары ад вынікаў сустрэчы не ў захапленні.

«Гэта была чыста такая размова для звесткі, для інфармацыі. А канкрэтных дзеянняў, якіх я чакала, я не атрымала», – абураецца жыхарка вёскі Навасёлкі Таццяна Паўлоўская.

Канкрэтныя дзеянні жыхары вёсак бачаць у звароце да Савету міністраў з патрабаваннем звужэння ці пераносу «Свабоднай эканамічнай зоны» далей ад жылых дамоў. Але ці тое дапаможа?

Болевыя пункты для экалогіі Беларусі: АЭС каля Астраўца, завод вытворчасці беленай цэлюлозы і рэканструкцыя ТЭЦ каля Светлагорску, будаўніцтва холдынгам «Амкадор» новага заводу спецмашынаў у ваколіцах аграгарадку Калодзішчы, заводу вытворчасці свінцовых акумулятараў у Берасці

Напрыклад, змаганне супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці – таксама ў свабоднай эканамічнай зоне – цягнецца больш за год. Жыхары Берасця распавядаюць:

«Ну гэта ўжо даўно было вырашана, што будзе завод, ён і будзе. А тое, што народ думае, – гэта ўжо іншае пытанне», – кажа жыхар Берасця.

«Мы ўжо подпісы збіралі, але, па ўсей верагоднасці, ад гэтага няма толку».

«Выйсці на плошчу? Цяжка адказаць. Я думаю не. Каб потым былі нейкія праблемы? У нас, я ведаю, тых, хто выходзіць на плошчу, потым вызываюць у міліцыю. Навошта гэта трэба?»

Эколагі ж намагаюцца шукаць пазітыў нават у, падавалася б, прайграных справах. Першы намеснік старшыні партыі «Зялёных» Кучук Дзмітры:

«Нават калі вытворчасць не зачыняецца, то бізнес і гэтыя прадпрыемствы будуць вымушаныя лічыцца з людзьмі, яны будуць вымушаныя быць пад кантролем грамадскасці, і грамадскасць ім не дасць паслабіцца».

Аднак акрамя такога напружання праціўнікі патэнцыйна брудных прадпрыемстваў у нашай краіне рэальнымі перамогамі пахваліцца не могуць.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu