«Гэта вялікі подзвіг». 500 гадоў таму выйшла Біблія Францыска Скарыны


Падзея, што сталася кропкай адліку беларускай інтэлектуальнай традыцыі: роўна 500 гадоў таму, 6 жніўня 1517-га, выйшла ў свет першая кніга асветніка і друкара родам з Полацку Францыска Скарыны. Гэта быў пераклад «Псалтыра», аднае з найбольш папулярных кніг Бібліі. Пасля яе доктар Скарына паслядоўна надрукаваў яшчэ 23 кнігі Старога Запавету, але менавіта з «Псалтыра» пачынаецца гісторыя беларускага і ўсходнееўрапейскага кнігадрукавання.

«Фактычна мы чацвёртыя, хто ў свеце слова божае стаў ужываць на сваёй мове. Гэта вялікі подзвіг», – кажа гісторык, пісьменнік і публіцыст Адам Мальдзіс.

Брытанскі часопіс The Economist назваў Францыска Скарыну славянскім Марцінам Лютэрам. Ягоны пераклад «Бібліі», выдадзены на старабеларускай, а не царкоўнаславянскай мове, на некалькі гадоў апярэдзілі рэфарматарскія ідэі Лютэра. А што значыць Скарына для сучасных беларусаў?

Жыхары Віцебску кажуць:

«Наш першадрукар, што нарадзіўся ў Полацку».

«Вучыўся ў Чэхіі, больш нічога не памятаю».

«Ён пераклаў біблію, з’яўляецца першадрукаром нашай краіны, каторы стварыў глосы – глосы гэта першыя літары з якіх пачынаецца абзац».

Дзякуючы Францыску Скарыну звычайныя людзі маглі не проста прачытаць слова Бога, але і зразумець, што яно значыць. Бо першадрукар у сваім выданні рабіў нататкі і тлумачэнні цяжкіх для разумення словаў. Ягоная «Малая падарожная кніжка», зборнік малітваў, таксама была аформленая максімальна проста і даступна.

«Літоўцы ў параўнанні з намі ў паганстве засталіся яшчэ на 200 гадоў, і мы маглі б застацца на 200 гадоў, а хрысціянства рухае ўперад», – адзначае Адам Мальдзіс.

Скарына, бадай, быў яшчэ і адным з самых паспяховых беларускіх эмігрантаў: вучыўся ў Падуі, працаваў у Вільні, а кнігу надрукаваў у Празе. На думку журналіста і краязнаўцы Дзмітрыя Гурневіча, які цяпер жыве ў Чэхіі, эміграцыя паўплывала на жыццё полацкага асветніка найлепшым чынам.

«На жаль гэтая сітуацыя працягваецца і зараз такая самая: беларусам удаецца зрабіць больш за мяжой, чым у сябе ў краіне. Напрыклад, фінам ня трэба ехаць у ЗША, каб там працаваць у Сіліконавай даліне, каб там стварыць праграму, якая захопіць усе рынкі. Беларусам, на жаль, трэба так рабіць», – мяркуе Дзмітрый Гурневіч.

Пра апошнія гады жыцця беларускага асветніка вядома мала: гісторык Адам Мальдзіс мяркуе, што Францыска Скарыну пахавалі ў касцёле святога Віта на поўдні Чэхіі. Таксама прафесар мяркуе, што белых плямаў у біяграфіі першадрукара яшчэ шмат, і невядомыя дакументы пра Скарыну яшчэ будуць знаходзіцца па ўсёй Еўропе.

Настасся Храловіч, «Белсат»