«Гэта вы парушаеце закон». Пінск пратэстуе супраць Дэкрэту №3


Сталіца Палесся сустрэла самую вялікую акцыю з пачатку 90-х гадоў. Мітынгоўцы патрабавалі не толькі адмены Дэкрэту №3, але і сумленных выбараў. Павышаецца і градус застрашвання з боку ўладаў: упершыню побач з месцам акцыі стаялі аўтазакі.

11 сакавіка акцыі супраць Дэкрэту № 3 «Аб сацыяльным утрыманстве» ў Пінску ўзялі ўдзел тысяча чалавек. Мясцовыя ўлады напярэдадні абнеслі металёвым турнікетам помнік Леніну на цэнтральнай плошчы гораду, а таксама загадалі працаўнікам мясцовага ЖЭСу тэрмінова ў суботу перакладаць брук. Не зважаючы на гэта, акцыя адбылася. Пры гэтым абсалютная бальшыня ўдзельнікаў сходу ўпершыню выйшлі на вуліцу, каб выказаць нязгоду з дзейнаю палітыкаю кіраўніка краіны.

«Прыйшла ўпершыню, каб выказаць салідарнасць з усёй краінаю, бо апошнія гады ў краіне проста цемрашальства. Гэта немагчыма», – кажа адна з пратэстоўцаў.

У адрозненне ад папярэдніх мітынгаў, прадстаўнікі мясцовых уладаў да пінчукоў не выйшлі. Звярнуўся да ўдзельнікаў акцыі адно кіраўнік мясцовае міліцыі, які папярэдзіў пра адміністратыўную адказнасць.

На ягоныя словы пра «незаконную акцыю» і «парушэнне закону», натоўп адказаў, што «парушае закон міліцыя».

Народны сход у Пінску быў не толькі супраць антыканстытуцыйнага дэкрэту. Перадусім людзі казалі пра сацыяльныя ды эканамічныя цяжкасці: адсутнасць працы або вакансіі за Br 200 на месяц. Паводле пінчукоў, збанкрутавала ўся сістэма ўладнае вертыкалі.

«Я прыйшла сюды, бо ўнучка вучыцца, а куды яна пойдзе працаваць, працы няма, сыну працы няма, я вымушаная сыну даваць грошы!», – кажа нам адна з удзельніц пратэсту.

«Я прапаноўваю ўсіх чыноўнікаў адправіць на заробкі рабочых, нам абяцалі $ 500, а як жыць, калі працуюць па 2 дні», – пытае іншая жанчына, якая бярэ ўдзел у пратэсце.

Яшчэ ў часе акцыі сталася вядома пра затрыманне мінімум трох чалавек. Апроч таго, спрабавалі затрымаць і гомельскага блогера Максіма Філіповіча, які прыехаў падтрымаць пінчукоў. Удзельнікам акцыі ўдалося адбіць мужчыну ад асобаў у цывільным.

«Навошта «по-беспределу» працаваць, вы народу служыце, а не працуеце за грошы», – пасля гэтых словаў блогера міліцыянты не вытрымалі і сышлі.

Максім Філіповіч з’ехаў з Пінску ў суправаджэнні міліцыі, як і здымачная група «Белсату».

Народны сход у Пінску прайшоў без лідараў апазіцыі, якіх напярэдадні брутальна затрымалі за ўдзел у акцыі недармаедаў у Маладзечне.

Аркадзь Несцярэнка