«Гэта свінства». Надзеі на адэкватнасць Караева не спраўдзіліся


У Менску з-пад адміністратыўнага арышту выйшла некалькі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту супраць паглынання Беларусі Расеяй. У ізалятары на Акрэсціна, без сувязі з роднымі і блізкімі, яны сустрэлі Новы Год. У выніку міліцыя не дала нават належна сустрэцца з сябрамі пад брамаю ізалятару.

Сябры і сваякі з самага досвітку чакалі Дзяніса Урбановіча, Яўгена Афнагеля і Максіма Вінярскага пад сценамі Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў. Менавіта сёння зранку мусіў скончыцца іхны 15-дзённы арышт за ўдзел у снежаньскіх акцыях пратэсту. Але людзі пабачылі толькі, як Яўгена Афнагеля міліцыянты прымусова вывозяць кудысьці на мікрааўтобусе.

«Гэта дастаткова нізка. Мала таго, што яны правялі святы ў турме, дык яшчэ і не даюць нармальна людзям сустрэць іх. У мяне былі спадзевы, што новы міністр будзе больш адэкватны, але практыка паказвае, што не», – кажа жонка Яўгена Афнагеля Кацярына Людвіг.

Паступова становіцца вядома: Афнагель, Вінярскі і Урбановіч на волі, іх у кайданках развезлі па раённых аддзелах міліцыі на розныя бакі гораду і там адпусцілі. Тэлефоны або з пасаджанымі батарэямі, або з заблакаванымі сім-картамі. Лідару «Маладога Фронту» Дзянісу Урбановічу мабільнік аддалі ўвогуле ў разабраным выглядзе і з фатаграфіямі нейкіх міліцэйскіх сейфаў. Нарэшце ён можа распавесці падрабязнасці затрымання 18-га снежня, па дарозе на працу.

«Паварочваюся, а там тры чалавекі ў чорным, у паўмасках. Кажуць: Урбановіч Дзяніс Іосіфавіч? Вы затрыманы. Падбягаюць яшчэ 2 працаўнікі АМАПу ў чорным, яшчэ адзін у чорным з камерай у руках», – распавядае Урбановіч.

Цэлая міліцэйская спецаперацыя, хуткі вырак ад суддзі Вікторыі Шабуні – каб Дзяніс правёў 15 содняў амаль цалкам у адзіночнай камеры, без магчымасці паведаміць сваякам, дзе ён. Усе лісты і паштоўкі з волі аддалі за дзень да вызвалення. Падобныя гісторыі і ў дзеячаў «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага і ў Яўгена Афнагеля: спецгрупа захопу на аднаго актывіста, а потым поўная ізаляцыя.

«Чалавекі 4–5, адразу пад’ехала машына, я так разумею – сачылі ад хаты, але затрымалі ў транспарце. Вывелі з аўтобуса, завялі ў машыну», – распавёў Афнагель.

Арышты за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць глыбокай інтэграцыі з Расеяй 7 і 8 снежня – паказнік таго, што ўлады не змянілі свайго стаўлення да дэмакратычнай апазіцыі ды ідэі незалежнасці Беларусі, мяркуе Максім Вінярскі:

«Выразна бачна, Лукашэнка не з’яўляецца ніякім гарантам нашай незалежнасці. Лукашэнка гарант нашай хуткай акупацыі, калі мы яго не прагонім ад улады і не пасадзім у турму. Усё, што можна сказаць. Тое, як ён адносіцца да людзей, якія бароняць сваю краіну, выразна паказвае, што дыктатару абарона незалежнасці не патрэбная».

За ўдзел у забароненай уладамі акцыі за незалежнасць Беларусі асудзілі паўтара дзясятка асобаў, давалі буйныя штрафы – больш за тысячу рублёў – і арышты. Цяпер за кратамі застаюцца сямёра ўдзельнікаў дэманстрацыі. У тым ліку адзін з арганізатараў, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

«Зразумела, што гэта свінства ў пэўным сэнсе, але з іншага боку Павел ведаў, што так можа быць, таму мы маральна рыхтаваліся. Слава богу, ён выходзіць 10-га, 11-га ў нас гадавіна шлюбу, таму на нейкае свята ён паспявае ўсё ж», – кажа ягоная жонка Вольга Севярынец.

Хто сядзеў на Акрэсціна, той ведае, як цяжка без інфармацыі ды сувязі з вонкавым светам. У цябе няма гадзінніка, ты не ведаеш дакладна, калі цябе выпусцяць. Гэта ператварылі ў дадатковы сродак ціску на палітычных актывістаў. А прымусовае канваяванне ў аддзяленні міліцыі – спосаб разбіць акцыі салідарнасці.

Яраслаў Сцешык belsat.eu