«Гэта не свята, а трагедыя». Новая танальнасць Дня Перамогі ва Украіне


Завяршэнне Другой сусветнай вайны ва Украіне адзначаюць цягам двух дзён. Афіцыйная цырымонія распачынаецца позна ўвечары 8 траўня з прамовы прэзідэнта, пасля чаго першую хвіліну міру адзначаюць запальваннем чашы «Агонь славы». 9 ж траўня Украіна будзе святкаваць Дзень Перамогі. Аднак, як сцвярджаюць адмыслоўцы, танальнасць гэтага свята тут памянялася.

Дзень памяці і прымірэння, які адзначаюць 8 траўня, – частка спадчыны, якую Украіне пакідае ўжо хутка былы прэзідэнт. Менавіта Парашэнка 5 гадоў таму падпісаў указ, пасля якога свята перамогі ўжо ніколі не будзе ранейшым.

«Мір наступіў 8 траўня ў Еўропе і свеце. Спынілася вайна. А 9-га – гэта ўжо паказуха».

«Тыя людзі не выбіралі, куды ім ісці. Шмат каго змушалі. Нехта выбіраў, кагосьці вымушалі. Калі на рэвалюцыі тут на Майдане ўсе былі добраахвотна, то на вайне ззаду НКВД сядзеў за атрадамі».

«Гэта не свята, а трагедыя нашага жыцця, трэба проста ўзгадаць тых, хто ўдзельнічаў у вайне», – кажуць жыхары Кіева.

8 траўня Украіна разам з іншымі краінамі Еўропы ўшаноўвае памяць загінулых у Другой сусветнай. Без пераможных воклічаў і салютаў украінцы ўзгадваюць змагароў супраць нацызму, загінулых воінаў, а таксама ахвяраў вайны ды злачынстваў, здзейсненых у часе Вялікай айчыннай. Мяркуюць, што падчас вайны ва Украіне загінулі 8 з паловаю мільёнаў чалавек, больш за адную пятую насельніцтва. Танальнасць, у якой адзначаюць дату ўсталявання міру, адрозніваецца і ад Расеі, і ад Беларусі.

Дмытро Гайнэтдынаў, Музей гісторыі Украіны ў ІІ сусветнай:

«Мы рухаемся ў бок еўрапейскіх практык, калі вайна ўспрымаецца не праз культ перамогі, а рознабакова. Бо Другая сусветная – гэта і гісторыя вайскоўцаў, і цывільных жыхароў, і змагароў Украінскай паўстанцкай арміі таксама, і тых украінцаў, што былі ў дывізіі «Галічына», ды іншых вайсковых фармаваннях, якія змагаліся на баку Вермахту. Гэта таксама гісторыя Украіны».

Аднак выходны ў Кіеве заўтра. Традыцыйна Дзень Перамогі адзначаюць 9 траўня – без салютаў, але з шэсцем ветэранаў і пагрозаю сутычак: погляд на ваенную спадчыну можа быць розным. У Інстытуце нацыянальнай памяці настойваюць на тым, што свята мусіць трансфармавацца.

«Гэта прадэманструе большую ўвагу да новага фармату адзначэння, адмяжоўванне ад савецкага фармату. 9 траўня як выходны – цудоўная нагода для рознага кшталту палітычных правакацыяў. І мы бачым гэта ўжо шмат-шмат гадоў», – тлумачыць Уладзімір Вятровіч з Інстытуту нацыянальнай памяці.

Пра вайну ва Украіне гаварыць у мінулым часе складана. Абстрэлы, уцекачы, пахавальныя – гэта актуальная рэальнасць.

Першая экспазіцыя, на якую трапляюць наведнікі музею вайны ў Кіеве, прысвечаная сённяшнім падзеям на Данбасе і героям нашых дзён. У звароце Пятра Парашэнкі, з прачытання якога можна распачынаць экскурсію, нагадваецца, што Украіна і сёння застаецца на перадавой. І менавіта ва Украіне працягваецца стварэнне Еўропы.

Адэля Дубавец, belsat.eu