«Гэта нашая каштоўнасць». У сталічнай бібліятэцы прайшоў конкурс чытанняў па-беларуску


Конкурс «Чытаем па-беларуску» у сталічнай дзіцячай бібліятэцы № 3 прайшоў пры падтрыманні кампаніі «Будзьма беларусамі». Арганізатары плануюць паўтарыць яго налета.

Дзесяцігадовы Антось Шымак даўно цікавіцца беларушчынаю: хлопцу падабаюцца беларускія кнігі ды вершы. Летась ён даведаўся пра конкурс «Чытаем па-беларуску». Вырашыў узяць удзел – і значна ўдасканаліў веды роднай мовы.

«Я стаў ведаць больш беларускіх словаў, магу перакласці некаторыя беларускія словы. Мне стала лягчэй чытаць кнігі на беларускай мове цяпер. Словы старажытныя ведаю з гэтых кніг», – кажа хлопчык.

Захапленне сына падтрымлівае і маці. Спадарыня Алена распавядае, што пашана да беларушчыны – гэта сямейная каштоўнасць:

«У нашай сям’і беларуская мова і беларуская гісторыя заўсёды шанавалася, успрымаецца з цікавасцю. Лічыцца важнай часткай нашага жыцця. Пэўна, каб быць не насельніцтвам, а народам, трэба ведаць беларускую мову і беларускую культуру».

Конкурс «Чытаем па-беларуску» ладзіла сталічная дзіцячая бібліятэка № 3. Цягам года ахвотныя навучэнцы 3 і 4 класаў меліся прачытаць прынамсі адну кнігу на беларускай мове на месяц, адказваць на пытанні па ёй ды пісаць водгукі. Удзельнікі конкурсу чыталі творы не толькі беларускіх, але і замежных аўтараў.

А самай чытанай кнігай стала аповесць Надзеі Букі «Бася і піглас». Яе прачыталі ўсе 40 удзельнікаў конкурсу.

Некаторыя ўдзельнікі не толькі чыталі кнігі, але і дзяліліся ўражаннямі ў сваіх сацыяльных сетках. Конкурс прыдумала загадчыца дзіцячай бібліятэкі Людміла Шугаева. Жанчына нарадзілася па-за межамі Беларусі, але наша мова і культура сталі для яе роднымі.

«Таму хочацца, каб тыя, хто жыве ў Беларусі, не адмаўляліся ад свайго роднага. І размаўлялі больш на сваёй роднай мове. Я спадзяюся, што ў будучыні нас гэта чакае», – распавядае Людміла.

Конкурс «Чытаем па-беларуску» праходзіў пры падтрыманні кампаніі «Будзьма беларусамі». Арганізатары плануюць паўтарыць яго ў наступным годзе.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»