«Гэта быў апошні раз, калі я баяўся міліцыі!» Як прыйшоў канец камуністычнай уладзе ў Польшчы?


Няпраўда, што выбары нічога не змяняюць. Роўна 30 гадоў таму ў тагачаснай камуністычнай Польшчы адбыліся эпахальныя парламенцкія выбары, якія не толькі змянілі палітычны расклад у самой краіне, але і да канца года змусілі сысці камуністычныя ўрады ўва ўсім сацыялістычным лагеры акрамя Балгарыі.

Сёння ў Польшчы – Свята вольнасці і салідарнасці. Нашыя заходнія суседзі згадваюць першыя ў краіне выбары, у якіх брала ўдзел дэмакратычная апазіцыя.

Паводле дамоўленасцяў, дасягнутых на Круглым стале паміж камуністычнымі ўладамі Польскай Народнай Рэспублікі, апазіцыяй і прадстаўнікамі касцёлу, 4 чэрвеня 1989 года ў ПНР прайшлі часткова дэмакратычныя выбары ў ніжнюю палату парламенту.

65 адсоткаў месцаў захоўвалася за камуністамі, а вось за астатнія – 161 мандат – маглі пазмагацца ўсе ахвотнікі. Выбары скончыліся абсалютнаю перамогаю апазіцыі, аб’яднанаю вакол Грамадзянскага камітэту на чале з адным з лідараў «Салідарнасці» Лехам Валэнсам.

Праціўнікі камуністаў здабылі ўсе мандаты, прызначаныя для беспартыйных. У выбарах у верхнюю палату – Сенат, абвешчаных цалкам свабоднымі, апазіцыя атрымала 99 мандатаў са 100.

Лех Валэнса, лідар «Салідарнасці» і Грамадзянскага камітэту (04.06.1989):

«У гэты момант я стаўлю на шлях эвалюцыйнага развіцця. А таму давайце спакойна вучыцца новай сітуацыі, паляпшаць яе: без эмоцыяў, без хуткіх рухаў, шмат высвятляючы. А таму – дакладна эвалюцыйны шлях!»

Сёння ў часе ўрачыстага паседжання Сенату ў Варшаве прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падкрэсліў: выбары 1989 года сталіся вялікаю перамогаю палякаў, якія на ўвесь свет заявілі, што не згодныя жыць пры камунізме. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда:

«Гэта быў вялікі трыумф. Гэта быў трыумф, які змяніў свет. Бо дзякуючы тым выбарам і пазіцыі палякаў надышла змена ладу ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе, ды абрынуўся Берлінскі мур. Як вынік – разваліўся, урэшце, і Савецкі Саюз».

Асобныя ўрачыстасці зарганізавалі сёння і ўлады Гданьску – калыскі польскай антыкамуністычнай рэвалюцыі. Менавіта тут, у легендарнай Гданьскай карабельні, і нарадзіўся рух «Салідарнасць», зарганізаваны страйк якога прывёў спачатку да Круглага стала паміж камуністычнымі ўладамі і апазіцыяй, а затым да выбараў і незалежнасці Польшчы.

Жыхары Гданьску ўспамінаюць:

«Памятаю, як сустрэлі з сябрамі пасля выбараў патруль цывільнай міліцыі – і такое замяшанне мяне тады ахапіла! І гэта быў апошні раз, калі я баяўся міліцыі! З таго часу жыву ў вольнай Польшчы ды хачу ў гэткай жыць».

«Мы дасюль удзячныя тым людзям, якія змагаліся беспасярэдне, ці на вуліцах, ці ў турмах».

Зрэшты, кропку ў змаганні з камунізмам палякі паставілі ўжо налета, упершыню абраўшы на ўсеагульных прэзідэнцкіх выбарах кіраўніком сваёй дзяржавы Леха Валэнсу. Былога электрыка з Гданьскай карабельні, за якім стаялі мільёны тых, хто паверыў у сваю мару пра свабоду.

Валеры Руселік, belsat.eu