«Гарызонт» пачынае губляць арандатараў


Корпусы былога заводу «Гарызонт» у сталіцы за апошнія гады пераўтвараліся ў творчыя пляцоўкі. Там здымаюць памяшканне фотастудыі, каворкінгі, гульнявыя прасторы. Але з-за эканамічных цяжкасцяў прадпрымальнікі на мяжы банкуруцтва. Трэці месяц яны просяць знізіць арэнду, але безпаспяхова. У выніку – некаторыя зʼязджаюць самі, а самых актыўных наўпрост высяляюць.

Крама брэндавага адзення «Гонар», якая размясцілася на тэрыторыі «Гарызонту», перажывае не найлепшыя часы. На сёння іх продажы скараціліся больш як на шэсцьдзесят адсоткаў.

«З сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны красавіка нашая майстэрня была ідэальна чыстая, што бывае вельмі рэдка. Бо не было той працы, да якой мы прывыклі», – кажа Павел Доўнар, уласнік крамы адзення «Гонар».

Прадпрымальнік неаднаразова спрабаваў дамовіцца з арэндадаўцам пра зніжку, балазе ў красавіцкім указе кіраўніка дзяржавы рэкамендавана знізіць арэнду на адсотак падзення выручкі. Арэндадаўцы пагадзіліся даць краме «Гонар» палёгку толькі на 6 адсоткаў, то бок у 10 разоў менш. Што праўда, указ Лукашэнкі закранае толькі дзяржаўных арэндадаўцаў. А «Гарызонт Белінвест Девелопмент» лічыцца прыватнай уласнасцю з дзяржаўнай доляй.

«У нас перамовы з «Гарызонтам» – перамовы пра тое, што ўказ Лукашэнкі, які, незразумела з іхнага адказу, датычыць ён іх ці не датычыць, ён распаўсюджваецца на віды дзейнасці, і мы ўваходзім у спіс гэтых відаў дзейнасці з 1 красавіка. З 1 красавіка «Гарызонт» не ідзе ні на што», – абураецца Павел.

Корпусы былога заводу «Гарызонт» апошнімі гадамі пераўтварыліся ў творчы і забаўляльны кластар. Школы танцаў, бюро перакладаў, фотастудыі. Увесь гэты бізнес цяпер цярпіць страты. Раней тут была танцавальная студыя, але днямі яны зачыніліся і з‘ехалі з памяшкання. Студыя, як і некаторыя іншыя прадпрымальнікі, ужо ў не стане ані аплачваць арэнды, ані займацца перамовамі з «Гарызонт Белінвест Дэвелапмент».

Чатыры дзясяткі прадпрымальнікаў «Гарызонту» вырашылі аб‘яднацца ў прафсаюз, каб разам дамаўляцца з арэндадаўцам. Тым часам на патрабаванне апошняга, стваральніку прафсаюзу і ініцыятару перамоваў Юрыю Алейніку трэба ўжо сёння вызваліць памяшканне. Афіцыйная прычына – запазычанасць у выплатах.

«Гэтая была мая ініцыятыва, напісання шмат якіх зваротаў і калектыўных зваротаў, і не толькі і ў вышэйшыя органы і ў адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства прамысловасці. Кіроўная кампанія холдынгу «Гарызонт», «Белінвестбанк», якія з’яўляюцца акцыянерамі нашага арэндадаўцы», – кажа Юры Алейнік.

У прымусовым парадку выселіць прадпрымальніка магчыма толькі праз рашэнне суда. Пакуль Юрый працягвае працаваць і весці перамовы. Некалькі разоў мы спрабавалі звязацца з дырэктаркай «Гарызонт Белінвест Дэвелапмент», але безвынікова. Пры гэтым узяць прыклад «Гарызонту» у гэтыя складаныя для бізнесу часы ёсць з каго. Гэтак, шмат якія прыватныя арганізацыі пайшлі насустрач сваім арандатарам.

«Калі глядзець па прадпрыемствам і арганізацыях у нашым саюзе, то мы бачым, што прыватны бізнес хутчэй пайшоў на зніжэнне арэнднай платы непасрэдна для суб’ектаў гаспадарання», – расказвае Жанна Тарасевіч, кіраўніца бізнес-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара Куняўскага.

Пакрысе насустрач сталічнаму бізнесу ідуць і ўлады. Днямі Менскі гарвыканкам знізіў у два разы падатак на зямлю і на нерухомасць. Таксама разглядаецца магчымасць дадатковага зніжэння арэнднай платы на 20 адсоткаў прадпрымальнікам, што арандуюць памяшканне ў Менгарвыканкаму. Бізнесоўцам з «Гарызонту» ж застаецца толькі спадзявацца на падтрымку.

Наста Кахановіч, «Белсат»