Гарадзенцы збіраюць подпісы, каб спыніць начных байкераў


Начныя заезды матацыклістаў замінаюць гарадзенцам адпачываць – цвердзяць стваральнікі адпаведнай петыцыі на старонцы «Зручны горад». Калі людзі падтрымаюць ініцыятыву, ДАІ Упраўлення ўнутраных справаў Гарадзенскага аблвыканкаму атрымае ліст з подпісамі пад просьбаю: «Спыніце начных байкераў у Горадні».

Калі распачынаецца сезон, калона матацыклістаў стварае ўражанне! Вясновае свята, традыцыйнае для кожнага гораду, мінае. Гледачы вяртаюцца дамоў, а байкеры будуць гаспадарыць на дарогах да сярэдзіны восені.

Суаўтар петыцыі, грамадскі актывіст Анатоль Мышкевіч распавядае:

«Людзі не могуць па начах нармальна адпачываць, асабліва хто пражывае каля вялікіх шырокіх дарог. Матацыкліста часта парушаюць правілы дарожнага руху, ездзяць групамі, што вельмі шумна…»

Начная дарога свабодная ад транспарту, тэмпература паветра – ідэальная для праезду. Хуткасць – не заўжды ў межах дазволенай. Пераважна маладыя бацькі ды пенсіянеры, падпісваюцца пад петыцыяй Аляксандра Лаўрэнціева і Анатоля Мышкевіча «Спыніце начных байкераў у Горадні». Матацыклісты абураюцца:

«Мы мусім прымаць, што мы жывем у горадзе і ў сучасным грамадстве, дзе безліч аб’ектаў ствараюць безліч шумоў», – кажа Інга, байкерша.

«І што – сцямнела і мне спыняцца і на ўзбочыне засынаць? Тое, што нейкія неадэкватныя людзі носяцца па начох, то для іх існуюць адпаведныя органы, якія маюць правесці з імі работу, у Законе ўсё прапісана», – гаворыць байкер Аляксандр Варган.

Паводле тэхнічных нормаў, максімальны гук легкавіка ці матацыкла – 96 дэцыбелаў (гэта параўнальна з шумам у вагоне метро ці бензапілою).

Аднак аматары «даць грамчэй» ставяць глушыцель-праматок ужо пасля тэхагляду. Калі шум матору відавочна высокі, а тэхагляд не пройдзены, супрацоўнік ДАІ можа даць папярэджанне ці штраф. Начной цішы гэта спрыяе нязначна. Жыхары Горадні кажуць:

«Яны так ціснуць на газ, што прасыпаешся, таму я лічу, што яны і дарослым, і дзецям замінаюць».

«Ставіць глушыцелі трэба і ўсё. А так – моладзь павінная ездзіць».

«Няхай ездзяць, але што дазволены ўзровень шуму маюць выконваць – гэта адназначна».

«Неяк трэба зрабіць, каб пасля 24 ці 23 гадзіны па горадзе так не ездзілі».

Летась рашэнне па петыцыі менчукоў аб забароне на начны мотарух МУС пераклала на выканаўчы камітэт, а чыноўнікі не наважыліся ўводзіць абмежаванне. Маўляў, каб не дыскрымінаваць законапаслухмяных матацыклістаў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu