Гарадзенскі «Нёман» выйграў хакейную Экстралігу


Хакей

Гарадзенскі «Нёман» заваяваў залатыя медалі Экстралігі хакейнага першынства краіны, тым самым абараніўшы чэмпіёнскі тытул, які яны заваявалі летась. Гарадзенцы ў фінальнай серыі нанеслі паразу менскаму «Юнацтву» 4:3. На прэсавай канферэнцыі галоўны трэнер сталічнай каманды Міхаіл Захараў у сваім стылі пагутарыў з журналістамі.

Хакеісты «Юнацтва» на маральна валявых выцягнулі пяты матч серыі, які адбыўся ў Горадні, і тым самым скарацілі лік у супрацьстаянні да тры два, а яно пераехала ў нашую сталіцу. Быў спадзеў, што на родным лёдзе пры падтрымцы сваіх заўзятараў Захараў і кампанія здолеюць даць бой апаненту, аднак не атрымалася. У выніку шосты матч «Юнацтва» прагуляла 2:3, а ў серыі саступіла 2:4. Такім чынам «Нёман» стаўся сяміразовым чэмпіёнам Беларусі ды зраўняўся ў гэтым паказніку з «Юнацтвам». У Лізе чэмпіёнаў упершыню нашая краіна будзе рэпрэзентаваная адразу двума гэтымі клубамі.

Футбол

Астатнімі трыма матчамі скончыўся сёння другі тур футбольнага чэмпіянату краіны па футболе ў эліце. Адзін з прэтэндэнтаў на медалі першынства салігорскі «Шахцёр» даў збой і ў гасцях саступіў «Віцебску» 1:2. Менскае «Тарпеда», якое заняло ў вышцы месца «Крумкачоў», набірае свае першыя тры балы, перамагаючы «Гарадзею» 1:0.

У першай палове сустрэчы супернікі хоць і стварылі некалькі небяспечных момантаў, аднак пакінулі свае брамы ў недатыкальнасці. Адзіны мяч у сустрэчы забілі на пяцьдзясят першай хвіліне, а яго аўтарам стаў абаронца Ігар Шумілаў, які замкнуў перадачу з флангу.

Гандбол

На наступны сезон менскі гандбольны СКА ўжо дакладна недалічыцца аднаго са сваіх лідараў Уладзіслава Кулеша. Левы паўсярэдні армейцаў і нашай нацыянальнай зборнай падпісаў кантракт з польскім клубам «Вівэ» з Кельце тэрмінам на 5 гадоў. У сёлетнім сезоне Кулеш стаў адным з найлепшых бамбардзіраў Кубка ЕГФ, закінуўшы 75 мячоў. Нагадаю, што крыху раней яшчэ адзін армеец Аляксандр Падшывалаў падпісаў трохгадовае пагадненне з нямецкім «Міндэнам».