Гарадзенскі дзіцячы госпіс звярнуўся па дапамогу


Больш за дзесяцігоддзе яны дапамагаюць невылечным дзецям. Каб працягваць добрую справу, цяпер і самыя звяртаюцца па дапамогу. Гарадзенскі дзіцячы госпіс мае патрэбу ў памяшканні большай плошчы і дадатковых адмыслоўцах для хворых.

Гарадзенскі дзіцячы госпіс імя Святога Губэрта працуе ўжо 11 гадоў і за гэты час дапамог сотням сем’яў. Цяпер пад апекаю госпісу 55 семʼяў, у бальшыні дзеці маюць 3-ю і 4-ю групы страты здароўя – амаль не рухаюцца і маюць парушаную функцыю камунікацыі. Іх немагчыма вылекаваць, але іхнае жыццё можна зрабіць больш камфортным.

Маці пацыентаў госпісу распавядаюць:

«Дзіцё тут атрымлівае нейкую дапамогу. Дапамогу псіхолага, стварае вырабы, развівае мелкую маторыку».

«У госпісе мы можам атрымаць нейкія паслугі ад спецыялістаў, тыя, якія нам патрэбныя і важныя».

«Тут мы адчуваем сябе патрэбнымі, а ў грамадстве проста мы нікому не патрэбныя».

Паводле бацькоў, іхным дзецям бракуе сацыяльных паслуг удома: масажу і лячэбнай фізкультуры, дапамогі ў сацыялізацыі сям’і і працы з псіхолагам.

Вольга Вялічка, дырэктарка дзіцячага госпісу імя Святога Губэрта:

«Мы такія тры сацыяльныя паслугі распрацавалі і падалі 29 жніўня прапанову ў гарвыканкам, каб нам дазволілі выдаткаваць дзяржаўныя грошы памерам каля 25 тысячаў рублёў. Гэта грошы на чатырох спецыялістаў за адзін год».

Але на аплату заробкаў госпіс сродкаў знайсці не можа. Згодна з 17-м артыкулам Закону «Аб сацыяльным абслугоўванні», заработныя платы адмыслоўцам, якія працуюць паводле дзяржаўнай сацыяльнай замовы, мусіць плаціць дзяржава.

Лілія Санюкевіч, Упраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны Гарадзенскага гарвыканкаму:

«Дзіцячаму госпісу хочацца, каб мы плацілі заробкавую плату – ну, так не бывае. Яны могуць напісаць праект, у межах праекту выкласці. Яны ведаюць, што сёння ідзе апытанне, паралельна яны вывучаюць патрабаванні. Таму тут я не бачу ўвогуле праблемы. Праблема наагул у паразуменні і ў супрацы».

Наступная ж вострая праблема для госпісу – нястача плошчы. Прадстаўнікі госпісу просяць мясцовыя ўлады вылучыць ім любы пусты будынак, што на балансе гораду.

Ірына Кучынская, абілітолаг:

«У Гарадзенскай вобласці 4500 пустых будынкаў! Няўжо нельга вылучыць адзін з гэтых будынкаў пад дзіцячы госпіс, інвалідам?»

Рамонт працаўнікі гатовыя зрабіць самыя, але пакуль ім толькі прапануюць узяць будынак у арэнду. А каб дапамагаць хворым дзецям, госпіс вымушаны распачаць надаваць платныя паслугі ў галіне абілітацыі, адмысловага масажу і працы псіхолага.

Мікола Дзямідаў belsat.eu