Аб'ектыў 05.05.2017 Гарачая вясна працягваецца. Чаму прадпрымальнікі зноў выйшлі на пратэст?


Кожны хоча набыць танней, але за меншае прадаць не атрымліваецца

Штогод праз пастанову Савету міністраў першага красавіка падымаецца арэндавая плата. Растуць выдаткі бізнесоўцаў – павышаюцца і кошты на тавары. Каб выстаяць у цяперашні крызісны час, прадпрымальнікі рынку «Паўднёвы», якія ўжо маюць запазычанасць за арэнду – Br 100 тыс, папрасілі зменшыць арэндавую плату. Але замест гэтага ім паабяцалі, што не будуць яе павышаць.

«Трэба ісці насустрач прадпрымальнікам, таму што хутка тут не застанецца нікога. На гэтым уласна скончыцца і дзейнасць ЗАО «Горадня Гандаль Сервіс» «Гроднаторгсервіс», бо яны толькі і жывуць з таго, што здаюць гандлёвыя плошчы ў арэнду. Мы вельмі шчыльна звязаныя з сабою», – тлумачыць праблему Андрэй Шасцерыкоў, старшыня Рады прадпрымальнікаў рынку «Паўднёвы».

Не заробяць прадпрымальнікі, не заробіць і гарадская скарбніца

Таму бізнесоўцы прапанавалі і гарадскім уладам і адміністрацыі рынку ўзаемавыгадныя шляхі выйсця з крызіснай сітуацыі. Але на абмеркаванне з імі чыноўнікі не прыйшлі, не атрымалася размовы і з дырэктарам рынку. Пратэстоўцы ў след дырэктару крычалі «Ганьба!».

У сваім пісьмовым звароце да кіраўніцтва рынку і гарадскіх уладаў прадпрымальнікі прасілі скасаваць і другую абсурдную рэч – збор аплаты за ўезд. Плаціць мусяць і наведнікі рынку, і гандляры.

«Парадаксальная сітуацыя ў тым, што каб праехаць да сябе на працу трэба заплаціць грошы. Давайце ўвядзем у гарвыканкаме такую сістэму, хай нашыя чыноўнікі заязджаюць і плацяць грошы», – раскрывае абсурднасць сітуацыі спадар Шасцерыкоў.

Адміністрацыя не супраць, але…

У такім выпадку выдаткі будуць перакладзеныя на прадпрымальнікаў праз павелічэнне арэндавай платы.

«Я ўжо 20 гадоў прадпрымальнік, на гэтым рынку, як толькі ён утварыўся, знаходжуся тут гэты доўгі час. І ў нас увесь час ідзе канфрантацыя з адміністрацыяй рынку, а сёлета і летась проста няма ніякіх умоваў», – скардзіцца ІП Андрэй Кляпацкі.

Апошнія месяцы на самым высокім узроўні анансуецца рэвалюцыйны праект, які мае спрасціць вядзенне малога бізнесу.

Ці датрывае дакумент да лепшых часоў?

«Калі няма продажаў, калі скарачаюцца абаротныя сродкі, то ўсе гэтыя прапановы ўладаў адыходзяць на другі план і становіцца не надта значным. Бо якая будзе ад іх карысць, калі гандляваць не будзе каму, купляць тавар няма за што. І проста мы знікнем у хуткім мінулым, калі такая сітуацыя захаваецца», – заявіў лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка.

Прадпрымальнікі спрабавалі пратэставаць, спрабуюць і размаўляць з чыноўнікамі, але ніякай палёгкі дагэтуль няма.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары