Ганна Канапацкая пасварылася з АГП, бо яе не вылучылі на выбары


Чальцы Аб’яднанай грамадзянскай партыі на пазачарговым з’ездзе 29 верасня вырашылі не вылучаць у кандыдаты цяперашнюю дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую. Партыйцы не задаволеныя тым, як іх паплечніца працавала над вырашэннем партыйных задач у Палаце прадстаўнікоў VI-га склікання. Пасля гэтага палітык прыпыніла сваё членства ў АГП.

«Здаровы сэнс і палітычны разлік адсутнічалі сёння на з’ездзе», – напісала палітык у «Фэйсбуку».

Вылучэнне Канапацкай у кандыдаты было галоўнаю інтрыгаю з’езду. У выніку асобнага галасавання кандыдатуру Ганны Канапацкай не зацвердзілі.

«Мне нават не далі слова для выступу, галасавалі па маёй кандыдатуры асобна нягледзячы на ​​тое, што яна была адобрана менскай гарадской арганізацыяй. Нічога не нагадвае? Цалкам у стылі асобных прадстаўнікоў дзейнай беларускай улады, – дадала Канапацкая. – У сітуацыі, якая склалася, я прымаю рашэнне прыпыніць сваё сяброўства ў Абʼяднанай грамадзянскай партыі».

Аднапартыйцы выставілі да цяперашняй дэпутаткі пытанні адносна неэфектыўнага правядзення палітыкі партыі і яе галоўных задач: змены выбарчага заканадаўства і правядзення свабодных і справядлівых выбараў.

«Я сёння раблю нашмат больш, чым многія з тых, хто сёння стаіць за стырном партыі. Давайце сумленна казаць: тое, што адбываецца ў менскім офісе, – гэта не ўся партыя. Уся партыя – гэта рэгіёны і актывісты, якія ў сённяшняй няпростай сітуацыі прапагандуюць ідэалы, прыхільнікам якіх ёсць і я як сябра АГП», – заявіла Ганна Канапацкая «Белсату».

Ганна Канапацкая – адна з дзвюх апазіцыйных дэпутатак у Палаце прадстаўнікоў VI-га склікання.

Пазачарговы з’езд АГП адбыўся з мэтай, каб вылучыць кандыдатаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў. Гэтак, вылучэнцы АГП маюць рэпрэзентаваць сваю партыю ў бальшыні выбарчых акруг па ўсёй краіне.

Кандыдатамі ад АГП вылучаюцца ня толькі партыйцы, але і прадстаўнікі іншых, незарэгістраваных партыяў і рухаў, а таксама вядомыя актывісты і блогеры. Сярод іншых – берасцеец Аляксандр Кабанаў, які за сваю кандыдатуру дадаткова сабраў подпісы.

«Я цяпер не гуляю ў выбары: я спрабую прыцягнуць увагу людзей да таго, што толькі мы зараз можам змяніць сітуацыю і з выбараў зрабіць выбары – не Ярмошына, не ЦВК, людзі павінныя паверыць у сябе», – сказаў «Белсату» Аляксандр Кабанаў.

На з’ездзе таксама прынялі пасланне партыі да ўдзельнікаў выбарчай кампаніі як частку праграмы сваіх кандыдатаў. Галоўная скіраванасць паслання – еўрапейскі выбар для Беларусі. Гэта правядзенне сістэмных палітычных і эканамічных рэформаў ды перадусім захаванне незалежнасці Беларусі.

«Галоўнае пытанне ў цяперашняй сітуацыі – гэта, безумоўна, пытанне незалежнасці і суверэнітэту, гэта пытанне нумар адзін, якому мы будзем надаваць увагу. Мы будзем размаўляць з людзьмі пра тое, што спробы Расеі далучыць да сябе Беларусь – яны працягваюцца. Мы бачым гэтую небяспеку і павінны казаць пра гэта», – заявіў старшыня АГП Мікалай Казлоў.

У выніку з’езду стала вядома, што за дэпутацкія мандаты вылучэнцы АГП будуць змагацца ў больш як шасцідзесяці выбарчых акругах па ўсёй краіне.

Галіна Абакунчык, «Белсат»