Гандбольная зборная скончыла перамогай чэмпіянат Еўропы


Гандбол

Мужчынская зборная Беларусі скончыла свой выступ на сёлетнім чэмпіянаце Старога свету па гандболе, што прымае Харватыя. У сваім апошні матчы на турніры калектыў Юрыя Шаўцова ўпэўнена дабіўся вікторыі над сербамі 32:27.

Хакей

Даволі нечакана скончыліся два матчы чарговага туру беларускай хакейнай Экстралігі. Былыя лідары турнірнай табліцы свае матчы прагулялі, а гэтым скарыстаўся гарадзенскі «Нёман», які быў мацнейшы за «Металург» 4:1 і вырваўся на першае месца.

Тэніс

На адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе сёння вызначыліся апошнія ўдзельнікі паўфінальнай стадыі. У чвэрцьфінале другой ракетцы свету Роджэру Фэдэрэру спатрэбілася трэ сэты, каб нанесці паразу, 7:6, 6:3, 6:4, чэху Томашу Бэрдыху, які ў рэйтынгу АТП займае шосты радок.

Футбол

Нацыянальная зборная Беларусі па футболе даведалася пра сваіх супернікаў з групавой стадыі новага турніру пад эгідаю ФІФА Ліга нацыяў, які прыйшоў на змену таварыскім двубоям. Адпаведна лёсаванню, якое сёння адбылося ў Лазане, а ў ім браў удзел наш Аляксандр Глеб, каманда Ігара Крывушэнкі адпраўляецца ў групу D з 16-ці калектываў. Апаненты беларусаў з другога квартэту: наш знаёмы Люксембург, якому мы саступілі пры адборы на мундыяль, а таксама Малдова і Сан-Марына. Пераможцы чатырох квартэтаў у фінальнай стадыі вызначаць уладальніка трафею, а пераможцы групаў паспрачаюцца за 4 пуцёўкі на Еўра-2020.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Marko Djurica / Reuters / Forum