Аб'ектыў 26.01.2016 Гандбол: без сенсацыяў у Польшчы


 Нацыянальная гандбольная зборная Беларусі, зазнаўшы трэцюю запар паразу на чэмпіянаце Еўропы ў Польшчы, гэтым разам ад гаспадароў, 27:32, гэтак і засталася з нулём пунктаў на другім этапе. А значыць, канчаткова пазбавілася шанцаў прабіцца ў васьмёрку наймацнейшых і самы мінімум спадзяванняў на Алімпійскую кваліфікацыю.

Беларусы палову першага тайму гулялі з палякамі на роўных, але потым праблемы ў абароне і не надта надзейная гульня брамкароў адарвалі палякаў далёка. Апошняя магчымасць набраць заліковыя пункты і не заняць апошняга месца ў падгрупе 1 дружыне Юрыя Шаўцова выпадзе заўтра. А 18:00 нашыя суайчыннікі распачнуць сустрэчу з Македоніяй. Балканцы напярэдадні сенсацыйна зачапілі першы пункт у двубоі з адным з фаварытаў – Нарвегіяй. Цэнтральны абаронца македонцаў Філіп Міркулаўскі зраўняў вынік за паўтары хвіліны да заканчэння матчу, і лік 31:31 нашыя заўтрашнія супернікі адстаялі. У іх – адзін пункт. Тым не менш, Нарвегія выйшла на аднаасобнае першае месца, мінімальна апярэджваючы французаў і палякаў. У заключным туры французы згуляюць са скандынавамі, а Польшча падужаецца з пераследнікам, Харватыяй.

Глядзі таксама
Каментары