Гамяльчанку «вылечыў» ровар. Раней хадзіла з кіёчкам, а цяпер можа праехаць 114 км


Трэцяга чэрвеня Арганізацыя аб‘яднаных нацыяў абвесціла Сусветным днём ровару – суаўтарамі дакументу сталі паўсотні дзяржаваў, а да святкавання далучылася і Беларусь. Веларух прыносіць карысць грамадству, але ў Беларусі сустракае перашкоды з боку дзяржаўнай сістэмы.

Гамяльчанка Святлана Кароль-Драгунцова яшчэ некалькі гадоў таму не ўяўляла свайго жыцця без таблетак ды кіёчка, пасля дзвюх аперацыяў яна атрымала інваліднасць і мела лішнюю вагу, якая моцна пагаршала якасць ейнага жыцця.

«Быў такі момант, калі я выйшла з аўтобуса і не магла ісці, і мне трэба было знайсці нешта такое, што зможа вярнуць мяне да актыўнага жыцця», – кажа Святлана.

Гэтым чымсьці для жанчыны стаў ровар, і калі два гады таму Святлана не магла праехаць і дзесяці кіламетраў, цяпер ейны рэкорд – сто чатырнаццаць кіламетраў за дзень.

Былая педагог-арганізатарка, Святлана Кароль-Драгунцова далучылася да руху «Вела-Гомель» і прыдумала адразу некалькі акцыяў, што зрабіліся традыцыйнымі: парад для раварыстак «Лэдзі на веласіпедзе» і дармовыя майстар-класы «Веласям’я», куды можна прывесці дзяцей і ўнукаў, навучыць іх ездзіць на ровары ды проста весела бавіць час без кампʼютараў і гаджэтаў. Сёння, у Сусветны дзень ровара, «Вела-Гомель» зладзіў святочны заезд і прыняў у свае шэрагі новых сябраў.

Але жыццё гомельца, калі ён хоча ездзіць на ровары штодня, не такое лёгкае.

Жыхары Гомля:

«Не хапае веладарожак, бо нават калі едзеш сюды, веладарожка ўся разбітая, і цяжка ехаць. Няма абʼядноваючых веладарожак, яны асобныя, нейкімі кавалкамі».

«Ёсць шмат лішняга, гэта высокія бардзюры, ямкі – гэта ў нашым горадзе лішняе, з гэтым трэба змагацца».

«Для поўнага шчасця трэ або пабудаваць дарожкі новыя, або дазволіць ехаць па дарозе там, дзе іх няма».

З падобнымі праблемамі ў роварнай інфраструктуры сутыкаецца не толькі Гомель – гэтак, напрыклад, у Менску галоўная веладарожка цягнецца ажно 26 кіламетраў, але ідзе яна толькі праз цэнтр гораду. Некалькі кавалкаў ёсць на ўскрайку, але паміж сабою яны не спалучаюцца. Аднак актывісты роварных арганізацыяў рук не апускаюць.

«У нашай вобласці мы першыя напісалі абласны план па развіцці веларуху, і гэта план з улікам меркавання актывістаў, і гэта ўсяляе ў нас надзею», – кажа старшыня руху «Вела-Гомель».

Рух «Вела-Гомель» існуе дзесяць гадоў і сёлета набыў афіцыйны статус. А Святлана спадзяецца, што Гомель з часам стане другім Капэнгагенам або Амстэрдамам, дзе ровар маюць 95 адсоткаў жыхароў. Прынамсі, яна пастараецца зрабіць для гэтага ўсё, што ў ейных сілах.

НХ, «Белсат»