Галубы лятаюць над рэактарам – на БелАЭС загружаюць паліва


Запуск пачаўся. У рэактар першага энергаблоку Астравецкай АЭС загружаюць уранавае паліва. Улады даводзяць, што ўсё бяспечна, аднак у кадры дзяржаўнага тэлебачання трапілі кадры, якія ставяць гэтае сцверджанне пад сумнеў.

Сёння ў рэактар Астравецкай АЭС загрузілі першыя цеплавыя элементы з ядравым палівам. Ваду, якая потым стане радыеактыўнай, яшчэ не залівалі. Энергетычны пуск – з падачай электрычнасці ў сетку – чыноўнікі абяцаюць напрыканцы восені.

«Гэта надзейная, экалагічная, эканамічна выгадная крыніца энергіі», – заявіў міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч.

Віцэ-прэмʼер Назараў узгадаў загад Аляксандра Лукашэнкі абавязкова запусціць атамную станцыю.

«Дагэтуль гэта быў будаўнічы абʼект. З усімі плюсамі-мінусамі будоўлі. Сёння гэта ўжо абʼект ядравай энергетыкі», – пахваліўся Юрый Назараў.

«Бяспека для нас – галоўны прыярытэт, і тут мы нікому спуску не даем», – пераконвае намеснік міністра энергетыкі Беларусі Мікалай Міхадзюк.

Але на відэа, якім падзялілася з інфармацыйнымі агенцтвамі дзяржаўнае тэлебачанне, можна заўважыць, што падчас загрузкі ядравага паліва над актыўнай зонай рэактару лятае птушка. Магчыма, гэта голуб, які шукае, дзе звіць гняздо.

Беларусы памятаюць, што падчас будоўлі Астравецкай АЭС адмыслоўцамі кампаніі «Росатом» першы корпус рэактару ўпаў з вышыні чатырох метраў – яго замянілі толькі пасля рэзанансу ў грамадстве. А другі ўдарылі аб слуп, калі везлі чыгункай. Быў і абвал канструкцыяў ад няякаснага бетону, і пажары, і іншыя здарэнні. Вось што думаюць пра пачатак запуску ЭАС жыхары і госці Менску:

«Я агулам не падтрымліваю, я за экалогію».

«Патрэба ў электраэнергіі ўвесь час расце, плюс ёсць магчымасць экспарту электрычнасці ў краіны Балтыі».

«Хутчэй за ўсё ў будучыні гэта нам вельмі кепска абернецца.

«Яна калісьці ў свой час возьме і рване».

Наколькі добра сабралі Астравецкую АЭС, стане ясна, толькі калі пойдзе ядравая рэакцыя, кажа эксперт у атамнай энергетыцы, расейскі інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі.

«Гэта адзін з самых непрадказальных этапаў у жыцці атамнай устаноўкі… Тое, што адзін рэактар уранілі, другі ўдарылі аб слуп, гэта тое, што на паверхні, што не змаглі схаваць атамшчыкі. Там вельмі шмат было парушэнняў, у тым ліку тэхналагічных падчас будаўніцтва», – кажа Ажароўскі.

Старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» увогуле раіць жыхарам Астравеччыны ў бліжэйшыя дні быць гатовымі да пазаштатных сітуацыяў з магчымым выкідам малых дозаў радыяцыі. Дзмітрый Кучук звяртае ўвагу, што загрузку ўранавага паліва прыспешылі да выбараў.

«30-га было прынятае рашэнне аб выдачы ліцэнзіі, 31-га апублікавана. 7-га яны ўжо загружаюць. І гэта істотна парушыла саму працэдуру выдачы ліцэнзіяў. Бо гэта мусіць быць узгоднена з міжнароднай супольнасцю, праведзеныя грамадскія слуханні», – падкрэслівае Кучук.

Астравецкую АЭС пабудавала кампанія «Росатом» за расейскі крэдыт пад сваё ж уранавае паліва. План Лукашэнкі прадаваць энергію ў Літву праваліўся – Сейм заканадаўча забараніў купляць беларускую электрычнасць, бо АЭС небяспечна блізкая да літоўскай сталіцы. Сёння ў Вільні прайшла чарговая антыядравая акцыя.

«Пра які запуск можна казаць, калі яшчэ шмат якія патрабаванні не выкананыя? Ёсць так званы нацыянальны план дзеянняў, але і ён не поўны», – кажа сталы спавяшчальнік Еўрапарламенту ў справе Беларусі Пятрас Аўштравічус.

«Літва мусіць рабіць тое самае, што і ўвесь час: актыўна ціснуць на міжнародную супольнасць, каб былі міжнародныя крокі», – тлумачыць старшыня выбарчага штабу кансерватараў Інгрыда Шыманіце.

Сёння Міністэрства замежных справаў Літвы накіравала ноту пратэсту ў амбасаду Беларусі. Афіцыйная Вільня асудзіла загрузку ядравага паліва ў Астравецкай АЭС, а дзейнасць атамнай станцыі там называюць непасрэднай пагрозай нацыянальнай бяспецы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»