Галоўныя «эканамічныя поспехі» беларускіх уладаў у 2016-ым годзе


Гадавая дэвальвацыя – усяго на 6%, а інфляцыя – на 12%. Гэта – станоўчыя вынікі, якімі адзначыўся 2016-ты год для эканомікі Беларусі.

Што праўда, вялікую долю ў запавольванні росту коштаў згулялі сусветныя чыннікі. Таннае паліва і металы, сярод іншага паспрыялі зніжэнню коштаў ува ўсім свеце. Расея канчае год з удвая ніжэйшаю інфляцыяй, чымся Беларусь, У Еўразвязе кошты сёлета раслі ў 20 разоў больш павольна, як у нас (6%). Прыблізна на нашым узроўні інфляцыя толькі ва Украіне (13 %), якая набывае паліва ўдвая даражэй, чымся Беларусь і, да таго ж, паказвае сёлета эканамічны рост. Але ў плюс уладам Беларусі адмыслоўцы заносяць тое, што сёлета яны ўстрымліваліся ад бяздумнага друкавання грошай.

«Тут можна выдзеліць тры дасягненні. Гэта – утрыманне інфляцыі на параўнаўча нізкім узроўні, гэта – скарачэнне дырэктыўнага крэдытавання і ўтрыманне курсу рубля», – кажа шэф-рэдактар «Эканамічнай газеты» Леанід Фрыдкін.

Але на гэтым эканамічныя поспехі ўладаў канчаюцца. Валавы ўнутраны прадукт за 11 месяцаў скараціўся больш як на 2,5 %. Колькасць нявернутых крэдытаў павялічылася ўдвая. Рэальны заробак, то бок з улікам інфляцыі, знізіўся на 4 %. Прадпрыемствы звольнілі на 100 тысячаў чалавек больш, чымся прынялі на працу.

Адмыслоўцы канстатуюць: сёлета на адмоўныя эканамічныя паказнікі ўплывалі, перадусім, унутраныя чыннікі.

«Галоўнымі праблемамі зʼяўляюцца ўнутраныя, тыя, якія былі закладзеныя даўно. Адсутнасць дыверсіфікацыі эканомікі. Няздольнасць дзяржаўнага сектару адаптавацца да зменаў на рынку, і адсутнасць інвестыцыйнага клімату, які б дазваляў залучаць сродкі, у тым ліку, на гашэнне ўнутраных і замежных шокаў», – кажа шэф-рэдактар «Эканамічнай газеты» Леанід Фрыдкін.

Яшчэ адзін асноўны чыннік, які перашкаджае Беларусі вярнуцца да росту, – абʼём назапашанага дзяржаўнага доўгу. Сёлета яго доля перасягнула палову ад ВУПу, і нагрузка на бюджэт па выплаце адсоткаў па ім расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Сёлета гэта было 4 адсоткі ад усіх бюджэтных выдаткаў, што ў паўтара разу больш, як летась. У наступным годзе доля выплатаў па адсотках за набраныя крэдыты павялічыцца ў чатыры разы.

Дапамогу ў тым, каб выбрацца з пазыковае піраміды, Беларусі прапануюць міжнародныя крэдыторы. Яны гатовыя замяніць істотную частку існых беларускіх пазык на, практычна, безадсоткавыя, каб замест выплаты адсоткаў краіна магла скіроўваць вызваленыя грошы на пагашэнне доўгу і рэформы дзеля павышэння эфектыўнасці эканомікі. Але Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, які раней вылучыў Беларусі такі стабілізацыйны крэдыт памерам 2 мільярды долараў, прыпыніў сёлета выплаты траншаў. Сутнасць іх аргументаў у тым, што Менск працягвае праядаць пазыкі, замест таго каб рэфармаваць эканоміку. З Міжнародным валютным фондам, з гэтай жа прычыны, дамовіцца аб праграме гэтак і не ўдалося.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu