Галоўны трэнер ФК БАТЭ Алег Дулуб: саступілі першыя хвілін дваццаць


Берасцейскае футбольнае «Дынама» упершыню ў сваёй гісторыі заваявала Суперкубак краіны. Ганаровы трафей быў разгуляны паміж бела-блакітнымі і барысаўскім БАТЭ на полі сталічнага клубу «Менск» са штучным пакрыццём. Першы афіцыйны двубой новага сезону скончыўся з лікам 2:1 на карысць «Дынама».

«Цяжка сказаць, я пакуль не прааналізаваў, але мы, хіба, саступілі першыя хвілін дваццаць – па настроі, па жаданні. Пасля ўсё паставілі на ўсё на свае месцы, але на той час ужо 0:2 лік. Мы спрабавалі перабудавацца: перабудаваліся, паднялі гульню ўверх. Хіба, не атрымалася проста рэалізаваць недзе хвіліне на 70-й адзін ці два моманты, якія ў нас былі. Калі б рэалізавалі, магчыма, у нас усё развярнулася б у іншы бок», – заявіў Алег Дулуб у каментары «Белсату».

З пачатку сустрэчы ініцыятыва належала БАТЭ, які правёў шэраг добрых атак, аднак з імі справілася абарона «Дынама». Далей намінальныя госці адсунулі гульню ад сваёй брамы, а ўжо на 14-ай хвіліне Нэманя Мілунавіч збіў Паўла Няхайчыка ў сваёй штрафной, за што прызначылі пенальці.

Адзінаццаціметровы ўдар дакладна зрэалізаваў аўстрыйскі легіянер берасцейцаў Сандро Готал. Затым галявою сталася 30-ая хвіліна, калі лічбы на табло падвоіў Максім Вітус. Пасля перапынку «Дынама» аддала мяч суперніку, гуляла па ліку, і толькі на чацвёртай скампенсаванай хвіліне гульні Мікалай Сігневіч забіў гол прэстыжу. Пераможцы атрымалі ад федэрацыі прызавыя ў выглядзе 9 тыс. рублёў, у скарбонку БАТЭ адправіліся 4 тыс.

Гандбол

Сталічны палац спорту ва Уруччы сёння стаўся месцам прытулку двух асноўных гандбольных клубаў краіны. У своеасаблівым дэрбі чарговага туру гандбольнага першынства краіны сышліся менскі СКА і Берасцейскі клуб імя Мяшкова. Цікавая і напружаная сустрэча пераможцу не выявіла, у выніку нічыя, а пасля фінальнай сірэны на табло свяціліся дзве трыццаткі.

Паралімпіяда

Ужо ў першы дзень зімовых Паралімпійскіх гульняў у Пхёнгчхангу беларускія спартоўцы заваявалі ажно 4 медалі, і ўсе яны былі здабытыя ў біятлоне. Дзмітрый Лобан фінішаваў другім у спрынце ў катэгорыі для атлетаў з парушэннем апарата апоры і руху. У гэтай жа дысцыпліне, але для спартоўцаў з парушэннем зроку срэбра – у актыве Юрыя Голуба. Дзве бронзы – на рахунку нашай прыгожай паловы, іх атрымалі ў спрынце Лідзія Графеева і Святлана Саханенка.