Галоўны рэдактар «Брестской газеты» Віктар Марчук атрымаў папярэджванне ад пракуратуры


Ціск на незалежную беларускую журналістыку працягваецца. Незалежная беларуская журналістыка і раней трапляла пад рэпрэсіі ўладаў, але сёлета яна прыняла на сябе вельмі моцны ўдар. Вобшукі ў рэдакцыях, пазбаўленне статусу СМІ, звальненне журналістаў, выклікі ў праваахоўныя органы. За ўдзел у відэа супраць ґвалту ўладаў галоўны рэдактар «Брестской газеты» Віктар Марчук атрымаў папярэджванне ад пракуратуры. Свой подпіс пакінуў з прыпіскай «ня згодны».

 

Раней упершыню за 18 гадоў тыпаграфія адмовілася друкаваць выданне. Рэдакцыя шукае іншую друкарню і будзе абскарджваць дакумент пракуратуры.

«Мы бачым, што адбываецца з «Брестской газетой». Тыя ўмовы, у якія нас паставілі, і тое, што адбываецца зараз з тым жа «Прэс-клубам», што адбываецца з іншымі выданнямі, якія трапілі пад такі ціск. Таму іншага меркавання быць не можа», – лічыць Віктар Марчук.

«Прэс-клуб» – гэта пляцоўка, якая арганізоўвае трэнінгі ды сустрэчы медыясупольнасці. Пяць працаўнікоў «Прэс-клубу» затрыманыя, у тым ліку заснавальніца Юлія Слуцкая, адвакатаў да іх не пускаюць.

«Сітуацыя ў краіне ведаеце якая. Чаму да нас, цяжка сказаць. Мы падтрымлівалі тыя медыі, якія апынуліся пад ціскам за сваю пазіцыю. Можа, таму. «Прэс-клуб» рабіў і робіць тое, што заўсёды лічыць сваёй місіяй», – кажа працаўніца «Прэс-клубу» Надзея Белахвосцік.

Гэты год стаў росквітам незалежнай беларускай журналістыкі, лічыць прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. Таму нягледзячы на рэпрэсіі – ёй жыць.

«Крымінальныя справы, зняволенні, бясконцыя захворванні на COVID, калі людзі знаходзіліся ў турмах – такі, умоўна кажучы, вынік гэтага года. Ёсць нейкі спадзеў, што горш ужо быць не можа», – падводзіць вынікі года прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Паводле звестак БАЖ, з 9 жніўня па ўсёй Беларусі затрымалі амаль што 400 журналістаў, 10 з іх застаюцца за кратамі. У тым ліку нашыя калегі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова.

Надзея Бельская, belsat.eu