«Галоўнае патрабаванне, каб Лукашэнка сышоў!» Сотні тысячаў на маршы ў сталіцы


Не менш, чымся ў мінулыя нядзелі. Сотні тысяч беларусаў выйшлі сёння на Марш міру і незалежнасці ў сталіцы. Сілавікі спрабавалі зладзіць хапун. Паводле дадзеных МУС, затрыманыя – 140 чалавек. Застрашвалі мірных дэманстрантаў таксама вадамётамі ды нават БМП, а Лукашэнка ў чарговы раз з’явіўся з аўтаматам і ў бронекамізэльцы.

З самае раніцы ў Менску загарадзілі Плошчу Незалежнасці, а да найбліжэйшых праездаў сагналі вадамёты ды тэхніку з калючым дротам.

Да пачатку Маршу міру і незалежнасці АМАПаўцы ў балаклавах без тлумачэння прычыны груба накідваліся на людзей, выхопліваючы пераважна мужчынаў. МУС паведаміла пра 140 затрыманых на акцыях пратэсту.

Аднак чым больш рабілася дэманстрантаў, тым менш было затрыманняў. З гэтага запісу відаць, як пратэстоўцы далі адпор людзям у цывільным, якія спрабавалі выкрасці мінака.

МУС назвала гэта «нападам на службовы аўтамабіль». Аднак відэа паказвае, што на сінім бусе не было не толькі службовых пазнак, але нават і нумарных знакаў, што супярэчыць заканадаўству.

«Мы змагаемся за законнасць у Рэспубліцы Беларусь».

«Хочацца жыць у свабоднай краіне, хочацца спыніць баяцца. Страшна не выходзіць ужо хутчэй», – распавялі «Белсату» жанчыны, якія выйшлі на вуліцы сталіцы.

Сілавікі ў поўным абмундзіраванні спрабавалі раздзяліць дэманстрантаў на праспекце Незалежнасці. Аднак менчукі працягвалі падыходзіць вялікімі калонамі з усіх кірункаў:

«Вядома, супраць гвалту прыйшлі сюды. Каб усе былі пакараныя, хто зрабіў такія злачынствы».

«Нельга спыняцца. Трэба працягваць пратэставаць. І, вядома, вельмі б хацелася, каб актыўней выступалі нашыя прадпрыемствы, каторыя павінныя страйкаваць».

Урэшце, працаўнікі са шчытамі сышлі і дазволілі маніфестантам абʼяднацца ў адну калону. З праспекту Незалежнасці натоўп скіраваўся да аднайменнага палацу. Каля стэлы, як і тыдзень таму, былі выстаўлены калючы дрот і вайскоўцы з аўтаматамі. Калі галава калоны на ўсю шырыню праспекту Пераможцаў падышла да рэзідэнцыі Лукашэнкі, ейны хвост яшчэ быў у раёне Плошчы Свабоды. У гэты ж самы час з Уручча ў горад выехалі БМП.

Ля палацу Лукашэнкі натоўп сустрэў шэраг сілавікоў. Мірныя маніфестанты на канфлікт не пайшлі, а толькі патрабавалі, каб да іх выйшаў Лукашэнка.

«Пацук, выходзь», «Выходзь, палічы», – скандавалі менчукі.

Лукашэнка ж так і не выйшаў. Ягоная прэс-служба перадала агенцтву «РИА Новости» фота, на якім ён зноў ходзіць ля свайго палацу з аўтаматам.

Праз нейкі час, калі амаль усе дэманстранты разышліся, а ля будынку пад дажджом засталіся адно некалькі соцень асобаў, на перамовы выйшаў памочнік Лукашэнкі Мікалай Латышонак:

«Праз вашыя ўсе акцыі паглядзіце на курс долара».

Людзі абурана пачалі пытацца пра забітых сілавікамі, а таксама пра ахвяраў катавання. Чыноўнік рэагаваў:

«Усё, што паказваюць у медыях, – гэта перабольшванне ў разоў 100 як мінімум».

«Я асабіста быў на Акрэсціна!», – адрэзаў Латышонку адзін з прысутных.

Латышонак дадаў, што ўсе пытанні трэба развязваць мірна, але Лукашэнка застанецца на пасадзе, бо выбары адбыліся сумленна. Улады ж рыхтуюць новую Канстытуцыю. Размова гэтак ні да чога і не прывяла. «Першая і самая галоўная ўмова – каб Лукашэнка сышоў!» – казаў адзін з удзельнікаў Маршу.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu