Галадоўніц руху «Маці 328» наведалі прадстаўнікі Святланы Ціханоўскай


Актывісткі руху «Маці 328» трымаюць галадоўку сёмы дзень. Сярод асноўных патрабаванняў – сустрэчы з дзейным прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Але да галадоўніц прыехалі прадстаўнікі штабу кандыдаткі на прэзідэнта – Святланы Ціханоўскай.

Да дзвюх матуль, якія абвесцілі галадоўку, дадалася яшчэ адна, і цяпер яны галадуюць утрох. Сёмы дзень дае пра сябе ведаць: самаадчуванне ў жанчын пагаршаецца.

«Стаю – сэрца дрыжыць, калені калоцяцца. Не ведаю, што далей – да вечара што будзе. Бо сёмы дзень, а ў мяне захворванняў дастаткова. Бо такая несправядлівасць… што ніхто не слухае. Куды ні хадзілі, куды ні пісалі, парогі абівалі – гэта нейкі жах», – кажа галадоўніца Ірына Мікалаеўна.

«Лекары не прыязджаюць: мы тэлефанавалі ў выканкам, людзі пісалі заявы, каб лекары прыйшлі і агледзелі нас, – ніхто нават не патэлефанаваў. Таму вельмі дзіўна, што ўлады гэтак паводзяцца, асабліва падчас выбарчай кампаніі», – працягвае галадоўніца Ала Берналь.

Жанчыны дамагаюцца, каб адносна іхных дзяцей быў перагледжаны прысуд і зменшанае пакаранне паводле гэтак званага наркатычнага артыкулу 328 – яго чацьвертае часткі, што прадугледжвае самае жорсткае пакаранне – да 20 гадоў зняволення за выраб і распаўсюд наркотыкаў у складзе арганізаванай групы.

«У нашых дзяцей няма параходаў, няма самалётаў, няма кватэр, няма банкаў, каб грошы ляжалі. Але нашых дзяцей зрабілі наркабаронамі», – абцраецца актывістка руху Людміла.

Галадоўніцы заклікалі Аляксандра Лукашэнку абмеркаваць праблему, але безвынікова. Кандыдатка на прэзідэнта Святлана Ціханоўская адмяніла сустрэчу з матулямі за гадзіну да прызначанага часу – з ейных словаў, паводле сямейных абставінаў. Але да галадоўніц прыехала яе давераная асоба Вольга Кавалькова.

«І Святлана Ціханоўская, і эксперты, і ейная каманда – у нас ёсць прапановы. Мы ведаем, што і як рабіць пасля таго, як улада будзе змененая і Лукашэнка пакіне сваю пасаду», – кажа Вольга Кавалькова – давераная асоба Святланы Ціханоўскай.

Актывісткі руху «Маці 328» пажадалі перамогі Святлане Ціханоўскай і падарылі штабу бел-чырвона-белы букет. Жанчыны кажуць, што іхная галадоўка – акцыя таксама і палітычная.

«Рух «Маці 328» – мы ўжо настолькі саспелі, што мы ўжо ў гэтай палітыцы. Нам казалі і папярэджвалі, маўляў, не займайцеся палітыкай. А адна жанчына сказала: калі не хочаце займацца палітыкай, то палітыка зоймецца вамі. Сёння гэта адбылося», – кажа галадоўніца Алена Кузьміна.

Актывісткі руху «Маці 328» пастанавілі працягнуць галадоўку ў спадзеве, што ўлады ўсё ж прыслухаюцца да іхных патрабаванняў.

Галіна Абакунчык, «Белсат»