Гадуеце дзяцей і атрымліваеце дзяржаўную дапамогу? Варта пералічыць грошы!


Папраўкі ў закон «Аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей», прапанаваныя Міністэрствам працы, дапамогуць тым бацькам, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. У выніку зменаў яны будуць атрымліваць 120 % ад бюджэту пражыткавага мінімуму, то бок амаль Br 210.

На такое падвышэнне патрэбныя Br 9 млн. Знайсці гэтыя сродкі пастанавілі за кошт усіх мам у дэкрэтных адпачынках. Дапамога на дагляд за дзіцем да трох гадоў, паводле законапраекту, будзе індэксавацца ўсяго раз на год.

Цяпер дапамога змяняецца раз на квартал разам з паказнікам сярэдняга заробку

Да прыкладу, 1 лютага сёлета яна складала Br 245, а 1 лістапада – Br 260. Але калі б працавалі правілы, прапанаваныя цяпер, то бок індэксаваць раз на год, 1 лютага, то бацькі дзяцей гэтых Br 15 не мелі б.

Самыя беларусы ацэньваюць сітуацыю неадназначна

«Ну адзін-два рублі, гэта смешна проста, ну так у нас там 251 рубель, дапамога, якую нам выплачваюць, штомесяц, калі адзін рубель мы аддамо дзецям-інвалідам, сапраўды тым, хто гэтага патрабуе, то я не бачу ў гэтым нічога дрэннага».

«Настолькі нязначнае вось гэта тое, што адбываецца, магчыма, мы проста прывыклі разлічваць выключна на сябе.

«Калі мае сябры кажуць, што для іх гэта нязначная сума, то я думаю, што ёсць сотні тысячаў маладых мам у вёсках, для якіх нават некалькі рублёў могуць мець значэнне».

– мяркуюць жыхары беларускай сталіцы.

Ці можна сродкі для сем’яў з дзецьмі-інвалідамі знайсці іншым шляхам?

«У нас несуразмерна раздуты штат чыноўнікаў. У нас усе ва ўладзе, ва ўсіх структурах кажуць, што трэба аптымізаваць працу. У нас шмат функцыяў у тых ці іншых органаў. У нас 9 органаў з правам аператыўна-выведчай дзейнасці. У нас што ваенны час, ці нейкая экстранная сітуацыя?», – кажа дэпутатка парламенту Ганна Канапацкая.

Рэфармаваць трэба і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва

«Гэта і скарачэнне дэкрэтнага адпачынку, гэта і рэфармаванне дзіцячых садкоў, каб прыватныя садкі з’яўляліся, і каб больш матак маглі сабе дазволіць аддаць дзіцёнка ў садок па ўмераным кошце і пайсці працаваць. А не сядзець на гэтай дапамозе і лічыць плюс 20 рублёў, мінус 20 рублёў», – даводзіць Наталля Рабава са школы маладых менеджаращ публічнага адміністравання.

Да таго ж, падкрэслівае спадарыня Рабава, уся сістэма непразрыстая, і ці дойдуць гэтыя сродкі менавіта да сем’яў з дзецьмі-інвалідамі – яшчэ пытанне. Пакуль што законапраект чакае другога разгляду ў Палаце прадстаўнікоў.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: beskidzkamama.pl