Гадавіна знікнення Ганчара і Красоўскага


Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі былі выкрадзены ў менскім двары 16 верасня 1999 года. Іх знікненне адмыслоўцы называюць па-за судовай расправай паводле палітычных матываў, якая не знікла ў Беларусі і праз 21 год.

Выкраданне палітыка і бізнесоўца мясцовыя жыхары памятаюць, смуткуюць і параўноўваюць тыя падзеі з сённяшнім днём.

«Я бачыў, як яго хапалі: паразбівалі шкло, селі ў машыну і павезлі – усё. Хутка і імгненна».

«У гэты момант адбываюцца падзеі падобныя, але дзякаваць Богу… Ганчар і Красоўскі зніклі зусім – іх няма нідзе. Цяпер людзі прынамсі жывыя, альбо загінулых знаходзяць. Што тычыцца гэтай цяперашняй сітуацыі, то вельмі хочацца спадзявацца на перамены» – кажуць мясцовыя жыхары.

Віктар Ганчар быў віцэ-старшынём ураду, старшынём Цэнтральнай выбарчай камісіі, сябрам Абʼяднанай грамадзянскай партыі. Ён рыхтаваў альтэрнатыўныя выбары прэзідэнта Беларусі ды знік напярэдадні свайго выступу ў Вярхоўным Савеце. Анатоль Красоўскі – бізнесовец, які фінансава падтрымліваў палітычную дзейнасць, у тым ліку – свайго сябра і паплечніка Віктара Ганчара.

«Забойства Віктара Ганчара, як і Юрыя Захаранкі, – гэта было не што іншае, як зачыстка палітычнай прасторы перад прэзідэнцкімі выбарамі. Не зважаючы на тое, што гэта здарылася за два, два з паловаю гады, я ўпэўнены, што планы былі менавіта такімі. І каб людзі, грамадская думка не прывязвалі гэта да выбарчай кампаніі, гэта «эскадрон смерці» зрабіў задоўга да пачатку выбараў», – кажа колішні старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Яшчэ ў 2001 годзе чыноўнікі сілавых структураў заяўлялі пра палітычнае выкраданне Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Толькі летась былы спецназавец Юрый Гараўскі заявіў, што ў складзе спецпадраздзялення МУС асабіста браў удзел у палітычных выкраданнях і забойствах, у тым ліку – зніклых палітыкаў. Але лёс Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага і да сёння застаецца не вядомым, а палітычны пераслед у Беларусі распачаўся наноў.

«Кіраўнік краіны і ўсе сілавыя структуры вярнуліся да практыкі беззаконня, і вельмі жорстка: мы бачым знікненне людзей, спробы выкрадання. Нагадаю, што Калеснікава была выкрадзеная невядомымі. Праўда, высветлілася, што яе спрабавалі вывезці. Але такія сілавыя дзеянні ўвогуле не могуць чыніцца – гэта недапушчальна: выкраданні людзей, выгнанне іх са сваёй краіны. Таму я не выключаю, што падобныя факты могуць паўтарыцца», – кажа кіраўнік юрыдычнай службы БХК Гары Паганяйла.

У 2002 годзе суд прызнаў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага зніклымі бязь вестак. Парламенцкая асамблея Рады Еўропы ў 2004 годзе запатрабавала ад уладаў Беларусі правесці незалежнае расследаванне ў гэтай справе. Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў забаранілі ўезд у краіны Еўразвязу і ЗША, бо падазраюць у датычнасці да выкраданняў палітыкаў. Крымінальная справа аб знікненні застаецца адкрытай.

Галіна Абакунчык, «Белсат»