Гадавіна смаленскай трагедыі


10 гадоў таму ва ўрочышча Катынь Смаленскай вобласці накіравалася польская ўрадавая дэлегацыя на чале з прэзідэнтам Лехам Качыньскім, каб ушанаваць памяць суайчыннікаў, растраляных у 1940 годзе. Але раніцаю 10 красавіка 2010 года, пры заходзе на пасадку на аэрадроме пад Смаленскам, урадавы самалёт разбіўся. Гэты дзень перавярнуў свет для нашых суседзяў і распачаў гісторыю працяглага палітычнага расследавання.

Гэта была шараговая суботняя раніца, ці амаль шараговая – у Катыні чакалі польскую дэлегацыю на чале з прэзідэнтам Лехам Качыньскім. Там меліся згадаць палякаў, закатаваных у 1940 супрацоўнікамі НКУС. У той дзень на борт ТУ-154 падняліся прадстаўнікі самых розных палітычных сілаў, чыноўнікі, ваеннае кіраўніцтва краіны, грамадскія дзеячы, святары і нашчадкі загінулых у Катыні – усяго 96 асобаў. Што было потым – поўнай яснасці няма дагэтуль. Вядома адно самалёт упаў на зямлю, усе загінулі. Аднымі з першых аб трагедыі даведаліся палякі, што чакалі Леха Качыньскага ў Катыні.

Цягам гадзіны інфармацыя са Смаленска літаральна накрыла ўсю Польшчу. Першыя цьмяныя паведамленні аб нейкай аварыі самалёта. Спачатку не была нават упэўненасці якая менавіта машына разбілася, хутка змяніліся шакавальнымі навінамі.

«Гэта было жудасна. Да гэтага часу, калі я чую музыку выдатнага польскага кампазітара Ларэнца, якая гучала тады, у мяне ўсё сціскаецца. Я тады зразумела, што я ўсіх гэтых людзей ведала, хтосьці бываў у мяне дома, кагосьці я ведала дзякуючы тэлебачанню. Мы на «Белсаце», вядома, давалі інфармацыю. Было шмат супярэчлівай інфармацыі, таксама дэзынфармацыі. Казалі, што самалёт некалькі разоў заходзіў на пасадку. Гэта некалькі разоў паўтаралі на адным з польскіх тэлевізійных каналаў і калі не памыляюся ў адным з расейскіх інфармацыйных агенцтваў», – згадвае дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Жалобная цырымонія адразу ж набыла новы сэнс, тады ж зʼявіўся выраз «другая Катынь». Палітыкі і дыпламаты з цяжкасцю стрымлівалі эмоцыі…

«Усё паказвае на тое, што гэтая катастрофа мела трагічны характар і трагічныя наступствы», – казаў тады намеснік кіраўніка канцылярыі прэзідэнта Польшчы ў 2009-2010 гадах Яцэк Сасін.

Ад шоку краіна адышла не адразу – паўтараліся словы пра абсалютную не істотнасць палітычных падзелаў. Кветкі і знічкі да прэзідэнцкага палацы ў Варшаве неслі прыхільнікі самых розных поглядаў.

«Не мае значэння, хто да якой палітычнай партыі належаў, цяпер гэта перш за ўсё чалавечая трагедыя – трагедыя ўсіх нас – палякаў».

«У мяне яшчэ няма слоў, гэта не быў прэзідэнт, за якога я галасавала, але гэта быў прэзідэнт маёй краіны. Я не ўяўляю, што будзе далей», – казалі жыхары польскае сталіцы.

Да дыпламатычных прадстаўніцтваў Польшчы па ўсім свеце людзі адразу ж пачалі прыносіць кветкі. Здавалася, што шок зменіць катарсіс у адносінах паміж афіцыйнай Варшавай і Масквой. Польскія ўлады дзякавалі расейскім калегам за дапамогі, у адказ гучалі словы падтрымкі. Хоць былі і адваротныя прыклады – некалькі расейскіх жаўнераў былі асуджаныя за крадзеж рэчаў загінулых.

Хутка выявілася, што гэтая – як і многія іншыя ў трагедыі ў гісторыі, можа быць палітычным інструментам.

«Я памятаю сітуацыю, калі прыехала польская дэлегацыя на чале з братам прэзідэнта Яраславам Качыньскім. Гэта дэлегацыю адразу ж пасля перасячэння беларускай мяжы з-за суправаджэння была вымушана запаволіць рух да 20 кіламетраў у гадзіну. Потым яе доўга трымалі каля брамы аэрапорта. Гаворка ішла пра тое, каб польская ўрадавая дэлегацыя з прэмʼерам прыехала хутчэй. Але гэтая інтрыга была ў руках расейскіх уладаў. Відаць, што заўсёды можна выкарыстаць прынцып – падзяляй і ўладар», – кажа дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Расейскія ўлады адмаўляюць якую заўгодна адказнасць абвінавачваючы ў тым, што здарылася выключна польскі бок. Раней следства ў Варшаве прыйшло да высновы – на трагічную развязку паўплывалі дзеянні экіпажа і расейскіх наземных службаў. У 2016 годзе, ужо пры новым польскім урадзе разбіральніцтва аднавілі. Адна з версій – выбух на борце самалёта. Увесь гэты час Расея адмаўляецца аддаць палякам абломкі прэзідэнцкага лайнера – афіцыйна – пакуль Масква працягвае следства, самалёт павінен заставацца ў Расеі.

Ян Маравіцкі, «Белсат»