Футбольны турнір памяці Генадзя Карпенкі прайшоў у 22-і раз


Кубак свабоды памяці Генадзя Карпенкі зноў сабраў на футбольным полі незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў. У жыцці яны аднадумцы, але тут адзін аднаго не шкадуюць.

Турнір ладзілі яшчэ пры жыцці былога віцэ-спікера Вярхоўнага Савету Генадзя Карпенкі. Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паспеў пагуляць з ім разам. У той камандзе быў і Віктар Ганчар.

«Яны гулялі за каманду АГП, прычым дастаткова паспяхова. Мы былі чэмпіёнамі. Спачатку гэта быў Кубак свабоды, прысвечаны чарговай гадавіне прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці. А пасля таго, як здарылася трагедыя з Генадзем Карпенкам, улічваючы тое, што ён быў адным з натхняльнікаў турніру, мы назвалі Кубак свабоды імем Генадзя», – узгадвае Анатоль Лябедзька.

Карпенка пайшоў з жыцця раптоўна і нечакана – у красавіку 1999-га года. Нібыта ад наступстваў інсульту, але ягоная ўдава, спадарыня Людміла, не паверыла ў такую версію. Паводле яе, мужа забілі за актыўную палітычную пазіцыю.

«Чалавек, які мог трапна адным сказам ахарактарызаваць і тое, што адбываецца ў палітыцы, і ў футбольным жыцці. Ён быў файны футбаліст і прыстойны чалавек. І вельмі перспектыўны палітык», – дадае Лябедзька.

Неўзабаве пасля смерці Карпенкі зніклі міністр унутраных справаў Юрый Захаранка, ужо згаданы старшыня ЦВК Віктар Ганчар і ягоны сябра бізнесовец Анатоль Красоўскі, таксама аператар Зміцер Завадскі. Ёсць меркаванні, што ўсе гэтыя падзеі – звёны аднаго ланцуга.

Рэпартаж Дзяніса Ганчарэнкі глядзіце ў поўным выданні навінаў

Гэтым разам перамога ў турніры памяці Генадзя Карпенкі дасталася камандзе Беларускай асацыяцыі журналістаў. Другое месца – у АГП. Звярнулі на сябе ўвагу і хлопцы з каманды БНФ, якія, дарэчы, гулялі ў фірмовых цішотках «Белсату» на падтрыманне акцыі «Беларускамоўны».

«Усе ведаюць, што ўвосень будзе перапіс насельніцтва. Там ёсць такое цікавае і сімвалічна важнае пытанне наконт роднай мовы. Пытанні сфармуляваныя крыху слізка, і гэта можа выклікаць дастаткова неадназначныя адказы сярод насельніцтва. Адпаведна, мы вырашылі акцэнтаваць на гэтым увагу і паспрыяць таму, каб беларуская нацыя адказвала на гэтае пытанне дастаткова адназначна», – кажа Юрась Адамовіч з каманды Партыі БНФ.

Склад удзельнікаў Кубка свабоды збольшага нязменны, але гэта не закрытае таварыства – заявіцца сюды могуць і новыя каманды.

«Аднойчы была зборная дыпламатаў. Дыпламаты з розных амбасадаў – Польшчы, Брытаніі – сабралі каманду і выступалі», – узгадвае Лябедзька.

Цяпер на турніры памяці Генадзя Карпенкі гуляюць у тым ліку людзі, якім на момант ягонай смерці было два ці тры гады. Пра яго не толькі памятаюць былыя паплечнікі, пра яго ведае і новае пакаленне.

Дзяніс Ганчарэнка, «Белсат»