Футбольная эліта застанецца без «Крумкачоў»


Эпапея пад назваю «Ці згуляюць «Крумкачы» на наступны сезон у эліце беларускага футболу» – нарэшце закончылася, і з сумным вынікам для гэтага клубу. У 31-м чэмпіянаце краіны па футболе ў найвышэйшай лізе застанецца «Слуцк», а «Крумкачы» па-ранейшаму правядуць сезон у першай лізе. У стартавым пераходным матчы «цукровыя» перамаглі апанента ўсухую 2:0, а сёння супрацьстаянне завершылася 2:1, таксама на карысць случакоў.

Дзве пераходныя сустрэчы меліся адбыцца на пачатку снежня, але праз эпідэмію COVID-19 у стане «Слуцку» наша федэрацыя перанесла двубоі на пазнейшы час. «Крумкачы» падавалі на гэта апеляцыю, аднак асацыяцыя пакінула дакумент без увагі. Падаваў сталічны клуб пратэст і пасля першага матчу, але і яго федэрацыя палічыла неабгрунтаваным.

«Мы ў прынцыпе не разлічвалі, што федэрацыя прыме станоўчае рашэнне ў наш бок. Вынік на табло, а ўжо далей хай вырашае кіраўнітцва клубу» – распавядае нападнік «Крумкачоў» Аляксандр Яцкевіч.

Усе гэтыя калатнечы не дадалі аптымізму гульцам «Крумкачоў», аднак, як кажуць, поле – роўнае, мяч круглы, таму даказвай сваю моц на арэне. Гулялі лепш «цукровыя», якія і застаюцца на наступны сезон у эліце.

«Гульні былі дастаткова цяжкія, добра, што выгулялі першы матч, а гол забілі перад самым перапынкам. Сенння таксама быў хуткі гол, пасля якога ўжо было ўсё зразумела» – адзначае паўабаронца «Слуцку» Юрый Казлоў.

Сёння ў сталічным футбольным манежы ў «Слуцку» была фора на 2 мячы, таму яны дзеялі асцярожна і гулялі па ліку.

Апанентам неабходна было забіваць як мінімум двойчы, аднак шчасця ў атацы яны шукалі не вельмі ахвотна. Ужо пасля першага тайму «Крумкачы» саступалі 0:2, вызначыліся легіянеры «Слуцку» Бала і Сірыма. А ўжо ў дададзены арбітрам час Яцкевіч забіў гол прэстыжу.

«Футбалісты прэсінгавалі, уключалі хуткасці, аднак «Слуцк» нас пакараў, не атрымалася цалкам выканаць устаноўку на гульню. Але ўсё роўна хлопцы малайцы, я ганаруся сваёй камандай» – падагульніў галоўны трэнер «Крумкачоў» Сяргей Кузьмініч.

Беларускае футбольнае першынство можна лічыць сёлета скончаным, апошняя інтрыга вырашылася. Цяпер гульцам самы час адпачыць, бо некаторыя клубы пачынаюць свае трэнінгавыя зборы яшчэ да Новага года.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат»