Футбалісты свету дапамогуць камандзе Шапэкоэнсэ паўстаць з попелу


Адмыслоўцы ўжо знайшлі абедзве «чорныя скрынкі» – бартавыя самапісцы авіялайнера, што разбіўся напярэдадні ля калумбійскага гораду Мэдэллін. Асноўныя версіі прычыны трагедыі: збой у электрыцы самалёта, цяжкія палётныя ўмовы і магчымая нястача паліва.

ПРАДСТАЎНІК ПАЛІЦЫІ:

«Мы цяпер у гарах Сэра-Горда. Як бачыце, навокал рэшткі самалёта. Вельмі трагічная сітуацыя. Ёсць шасцёра параненых, якіх эвакуявалі ў муніцыпалітэт Ля Сэха».

Самалёт ляцеў з Балівійскага гораду Санта-Крус і ўпаў у гарах непадалёк ад аэрапорту прызначэння. Машына практычна развалілася на кавалкі ў цяжкадасяжным месцы. На борце быў асноўны склад бразільскай футбольнай каманды «Шапэкоэнсэ». З шасці ацалелых – тры спартоўцы, адзін з іх мае пералом хрыбетніка, другому дактары мусілі ампутаваць нагу. Падзенне самалёта шакавала і сваякоў загінулых, і ўсю Бразілію.

АЛАІДЭ ПАДЫЛЛЯ, МАЦІ ЗАГІНУЛАГА ГУЛЬЦА:

«Маё сэрца разбітае. Мне так балюча. Гэта неймаверна цяжка».

ЭЛЬЯНДРА, СЯБРОЎКА ЗАГІНУЛАГА:

«Я не магу паверыць. Ён размаўляў са мною, тэлефанаваў у апошнюю хвіліну перад вылетам».

Каманда з невялікага бразільскага гораду Шапэко перад палётам радавалася выхаду ў фінал Паўднёваамерыканскага кубка па футболе. За нечаканым прарывам правінцыйнай каманды з гонарам сачыла ўся Бразілія. У Калумбіі «Шапэкоэнсэ» мусілі згуляць з мясцоваю камандай «Атлетыка Насьёналь». Пасля катастрофы каманда супернікаў прызначыла бразільскаму клубу ганаровую перамогу.

ФЭРНАНДА ПАРАДА, ЗАЎЗЯТАР «АТЛЕТЫКА НАСЬЁНАЛЬ»:

«Мы мусім адкінуць у бок колеры нашых футболак. Вельмі важна адкінуць усю зайздрасць і гвалт. Гэта спорт, проста спорт. Адзін бок перамагае, другі зазнае паразу. Але гэтым разам усё іначай».

У складзе «Шапэкоэнсэ» засталося дзевяць футбалістаў, якія не паляцелі тым самалётам, бо не ўвайшлі ў заяўку на матч. На знак салідарнасці адразу некалькі бразільскіх клубаў бясплатна прадставілі Шапэко сваіх гульцоў дадатковага складу, каб каманда працягнула існаванне. Еўрапейскія клубы – французскі ПСЖ і брытанскі «Арсенал» запрапанавалі «Шапэкоэнсэ» фінансавую дапамогу на 70 мільёнаў долараў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: REUTERS / Ricardo Moraes