Футбалістам клубу «Нафтан» не плоцяць заробак 5 месяцаў


Грашовыя запазычанасці пакідаюць пустымі кішэні не толькі працаўнікоў стратных айчынных прадпрыемстваў, але ўсё часцей закранаюць і спартоўцаў. У футбольным клубе «Нафтан» ужо пяты месяц не выплачваюць заробкаў.

«Зрухаў пакуль не бачым ніякіх. Здаецца, цяпер абяцаюць атрымаць грошы, раздаць запазычанасці, але пакуль – прасвету не бачна», – сведчыць Яраслаў Багуноў, украінскі формард каманды.

Як заплацілі, так і згулялі

Запазычанасці ў заробках перад футбалістамі ў «Нафтану» перыядычна паўставалі яшчэ з 2014 года. Некаторыя спартоўцы спрабавалі дамагчыся выплатаў праз суд, аднак гэта толькі абвастрыла сітуацыю. Беларуская федэрацыя футболу ў гэтым сезоне зняла з гульцоў пяць ачкоў. «Нафтан» адгуляўся і набраў чатыры балы, аднак праз санкцыі – цяпер займае апошняе месца ў турнірнай табліцы.

«Добра яшчэ, што футбалісты ў гэтай сітуацыі знаходзяць матывацыю. Шмат крытычных стрэлаў: навошта, чаму, як? Няхай кожны, хто намагаецца тут разбірацца, паставіць іх на сваё месца. Слесар, токар, калі цябе пяць месяцаў не плоцяць нічога, ты станеш горш тачыць дэталі, і гэтак далей. Прадукцыйнасць тваёй працы аўтаматычна ўпадзе, як бы не спрабаваў мне хто тлумачыць – характар, мужыкі, але ўсе дарослыя людзі, у ва ўсіх сем’і і абавязкі», – тлумачыць галоўны трэнер каманды Алег Сідарэнкаў.

Чаму так здарылася?

Праблему грашовай нястачы ў футбольным клубе звязваюць са стратамі на нафтаперапрацоўчым заводзе «Нафтан». Спартоўцаў ён спансаваў з дзевяностых, аднак цяпер некалі паспяховае прадпрыемства перажывае не найлепшыя часы. Толькі летась у другім квартале страты «Нафтану» склалі амаль $ 15 млн.

Пры ўліку сёлетняга скарачэння паставак расейскай нафты амаль на траціну ў першым квартале, сусветнага падзення коштаў на чорнае золата і неабходнасці выплочваць крэдыты за мадэрнізацыю прадпрыемства, росту прыбыткаў так і не адбылося.

Футбалісты вымушаныя змагацца за выжыванне

«Хтосьці займае, перанаймае, у кагосьці засталіся, ёсць грошы, якія некалі зарабіў і адклаў. У ва ўсіх семʼі, у ва ўсіх дзеці, але па ходу на гэта ўсё ўсім усё роўна», – абураецца спадар Багуноў.

На самым жа прадпрыемстве «Белсату» паведамілі, што на сёння дамоўных адносінаў паміж футбольным клубам і «Нафтанам» няма.

«Шукайце карані праблемы ў самым клубе. На сёння ўсе дамоўныя абавязкі, якія былі паміж нашымі арганізацыямі, выкананыя», – даводзіць намеснік генеральнага дырэктара АТТ «Нафтан» Сяргей Яўтушык.

Напярэдадні на паседжанні камітэту аб статусе і пераходах гульцоў Беларускай федэрацыі футболу абмеркаванне нявыплатаў гульцам «Нафтану» вырашылі перанесці. І, калі з аднаўленнем паставак расейскай нафты ў Беларусь сітуацыя на прадпрыемстве палепшыцца і падтрыманне футбольнага клубу «Нафтан» – магчыма, адновіцца, то лёс некаторых іншых камандаў, як, да прыкладу, футбольнага клубу «Граніт-Мікашэвічы», за якім у якасці спонсара замацаванае стратнае прадпрыемства, – застаецца пад пытаннем.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Андрэй Князюк